Беларуская мова на аддзяленні “рэгіёназнаўства” Бранскага дзяржаўнага універсітэта

admin 5 хв чытання Актуаліі

Яфімава А.

Перш чым акрэсліць тыя праблемы ў выкладанні беларускай мовы рускамоўным студэнтам, з якімі мы сутыкнуліся, трэба адзначыць, што складае спецыфіку аддзялення “Рэгіёназнаўства” ў Бранскім дзяржаўным універсітэце.

Спецыяльнасць “Рэгіёназнаўства” – адна са спецыяльнасцяў міжнародных сувязяў і міжнародных адносінаў, галоўны сэнс якой – даць сістэмны і комплексны падыход да вывучэння пэўнага рэгіёна свету.

З 2002/2003 навучальнага года ў Бранскім дзяржаўным універсітэце было вырашана вывучаць рэгіён СНД, а ў якасці дэталёвага знаёмства з пэўнай краінай вырашылі спыніцца на Рэспубліцы Беларусь. І калі вывучэнне еўрапейскіх краін як Балгарыя, Германія, Польшча, Францыя і нават Нарвегія – не рэдкасць для гэтай спецыяльнасці ў расійскіх ВНУ, то вывучэнне Беларусі досыць унікальная з’ява. Па сутнасці, акрамя Бранска, нідзе ў Расіі ва універсітэтах комплексна не вывучаецца гісторыя, культура, геаграфія, мова, літаратура, эканоміка і палітычная сістэма Беларусі.

Студэнты, якія атрымліваюць гэту спецыяльнасць вывучаюць адметнасць і агульнасць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі і ролю ў сістэме міжнароднай супольнасці народаў у мінулым і сучасным. Быў вызначаны комплексны падыход да даследавання краіны, які ўключыў шэраг рознагаліновых навук: геаграфію, эканоміку, этнаграфію і этналогію, мастацтвазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі, сацыяльна-палітычную гісторыю, літаратуразнаўства, мову і інш.

Вывучэнне мовы на рэгіёназнаўстве значна адрозніваецца ад вывучэння мовы на філалагічных спецыяльнасцях. Калі філолагі перадусім цікавяцца канкрэтнымі моўна-маўленчымі пытаннямі: пэўнымі асаблівасцямі фанетыкі, лексікі, словаўтварэння, граматыкі і г.д., дык рэгіёнаведы разглядаюць мову як сродак, з дапамогай якога яны здолеюць як мага больш даведацца пра сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру народа. Менавіта валоданне мовай дазволіць студэнтам карыстацца беларускамоўнымі крыніцамі пад час вывучэння розных прадметаў спецыяльнасці, напісання курсавых і дыпломных прац. У сувязі з гэтымі асаблівасцямі неабходна было знайсці, акрамя традыцыйных формаў і метадаў працы, нешта незвычайнае і цікавае, каб прывабіць і натхніць студэнтаў вывучаць беларускую мову (якой, на жаль, не карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці самі беларусы).

Першае, што было відавочным, тыя разнастайныя падручнікі, якія існуюць для студэнтаў-філолагаў не падыходзяць нам, рэгіёнаведам. Аднак пачатковае знаёмства з мовай распачалося праз падручнік А.А.Крывіцкага і А.І.Падлужнага для рускамоўных навучэнцаў.

Адразу зазначу, што ў забеспячэнні нашай спецыяльнасці пэўнай навучальнай літаратурай першаступенную ролю адыграла пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі, куды мы звярнуліся па дапамогу, бо ў Расіі неабходных падручнікаў і слоўнікаў нам знайсці не ўдалося. Літаральна праз некалькі тыдняў мы змаглі атрымаць як падарунак мінібібліятэку ад Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску, дзе былі не толькі падручнікі (на выбар), але і энцыклапедыі, граматыка, мастацкая літарура (паэзія і проза), перакладныя слоўнікі. Дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ Таццяна Р. Рамза дапамагла скласці рабочую праграму па вывучэнню беларускай мовы рускамоўнымі навучэнцамі.

Пэўную дапамогу мы атрымалі і ад выкладчыкаў іншых ВНУ Беларусі, а менавіта: лекцыі па гісторыі Беларусі чытаў доктар гісторычных навук прафесар Гомельскага універсітэта Р.Р. Лазько, лекцыі па беларускай літаратуры – кандыдат філалагічных навук прарэктар Гомельскага універсітэта С.І. Ханеня, лекцыі па знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь – доктар гісторычных навук прафесар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь В.М.Мацель.

Шчыра кажучы, набіраючы студэнтаў на вывучэнне гэтага рэгіёна, мы нават не маглі сабе ўявіць, якую падтрымку атрымаем з боку беларускіх калег, колькі новых кантактаў будзе наладжана з беларускімі ВНУ. За гэты непрацяглы час наш універсітэт падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны, Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.Куляшова, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам, Полацкім дзяржаўным універсітэтам, Мінскім педагагічным дзяржаўным універсітэтам імя М.Танка і іншымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі. Пры гэтым хочацца зазначыць, што гэта рэальныя дамовы, якія насамрэч дзейнічаюць, а не засталіся толькі на паперы

Дзейснасць пагадненняў і сапраўдную зацікаўленасць выкладчыкаў ВНУ Беларусі мы са студэнтамі зазналі не толькі пры чытанні імі курсаў лекцый у нашым універсітэце, але і пры наведванні беларускіх універсітэтаў, стасункаў з беларускімі студэнтамі падчас праходжання практыкі ў Беларусі, сумесных экскурсій, пры напісанні курсавых і дыпломных работ.

Першае знаёмства са студэнтамі-рэгіёназнаўцамі (2002 г.) было для мяне ў пэўнай ступені шокавым. Я была ўражана тым, як мала яны ведаюць пра Беларусь, хаця мы суседзім. Але такое няведанне абумоўленае і тым, што ніхто з іх ніколі не быў у Беларусі, і тым, што ў расійскай школе гэтай новай суверэннай краіне школьная праграма надае мала ўвагі. Таму мэта маёй працы акрэслілася адразу – не толькі навучыць іх мове, але менавіта праз мову як мага шырэй пазнаёміць іх з самымі рознымі бакамі жыцця беларускага народа, каб Беларусь стала для іх не толькі краінай рэгіёна, які яны абралі ў якасці спецыяльнасці, але і больш блізкай, зразумелай і … роднай. Каб дасягнуць мэты, мала толькі апавядаць, неабходна было паказаць краіну, даць магчымасць адчуць дух гэтага народа, яго гасціннасць і шчырасць. І ў гэтай справе нам вельмі дапамаглі беларускія універсітэты. На жаль, я не магу апісаць кожную нашу паездку, але калі толькі пералічыць месцы, дзе былі нашы студэнты, то стане зразумелым, што на геаграфічнай карце РБ няма таго кута, куды б мы не патрапілі. Гэта: Брэсцкая крэпасць, мемарыяльны комплекс Хатынь, Мірскі і Нясвіжскі замкі, усе абласныя гарады, Навагрудак і г.д.

І самае галоўнае, што ўсюды мы былі жаданыя госці. Студэнты самі прыйшлі да высновы, што, нягледзячы на беднасць Беларусі карыснымі выкапнямі (у параўнанні з Расіяй), яна валодае значна большай каштоўнасцю – душэўнымі і шчырымі людзьмі. Спадзяюся, што пачуццё павагі і сяброўскае стаўленне нашых студэнтаў да беларусаў захаваецца ў іх на ўсё жыццё, як бы ні склалася далей іх прафесійная дзейнасць.

Такія паездкі былі дзейсныя не толькі для пашырэння кампетэнцыі і маўленчай практыкі нашых студэнтаў, але самым непасрэдным чынам паспрыялі развіццю іх крэатыўнасці. Так, на фестывалі еўрапейскіх культур у нашым універсітэце рэгіёназнаўцы прадстаўлялі беларускія песні, танцы, паэзію, інсцэніравалі фальклорныя абрады вяселля, рыхтавалі разнастайныя выпускі сценгазет пра Беларусь. Акрамя таго студэнты рэгулярна выступаюць з вынікамі сваіх навуковых даследаванняў у розных галінах жыцця Беларусі на Днях навукі. Прычым не толькі ў Бранску сталі вядомыя навуковыя даследаванні нашых студэнтаў, бо яны рэгулярна дасылаюць свае працы на конкурс “маладога аўтара”, што праводзіцца рэдакцыяй часопіса “Вестник Евразии”, а ў 2006 г. работа Кацярыны Грыбанскай «Феномен палітычнага лідэрства А.Р.Лукашэнкі» была прызнана самай лепшай.

Ва ўсім свеце самай эфектыўнай дыпламатыяй лічыцца народная дыпламатыя, менавіта яна здальная вырашыць самыя складаныя пытанні, якія стаяць перад знешнепалітычнымі ўстановамі. Хочацца спадзявацца, што нашы студэнты адчулі гэта на ўласным досведзе

Рубрика: Актуаліі | Метки: БГУ, беларусістыка, белорусский, брянск, курс, регионоведение, университет