Іван Макаравіч Хозераў. 125 гадоў з дня нараджэння

admin 5 хв чытання Навіны

Д.І. Будаеў

Іван Макаравіч Хозераў [21.01(2.02). па іншых дадзеных, 24.01 (5.02). 1889, Смаленск - 21.03.1947, Менск)], мастак, даследнік помнікаў старажытнарускага дойлідства, музейны дзеяч.

З сям’і рабочага (бацька І.М., Макар Дзмітрыевіч Хозераў, працаваў бондарам на гарбарні). У 1907 г. І. Хозераў скончыў Смаленскую Аляксандраўскую рэальную вучэльню, у 1908-1910 гг. з’яўляўся слухачом Пецярбургскага псіханеўралагічнага інстытута (праслухаў «вышэйшы агульнаадукацыйны курс»). Працягнуў адукацыю ў Пецярбургскай вучэльні Таварыства заахвочвання майстэрстваў (1910 г.) і ў Варшаўскім Політэхнічным інстытуце (1914-1916 гг.), які праз цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і не скончыў. У 1916-1919 гг. навучаўся на Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута (па іншых звестках, з 1 верасня 1918 г. – на факультэце гісторыі мастацтваў).

Да лютага 1917 г. працаваў мастаком-літографам у друкарні, зарабляючы на жыццё таксама прыватнымі ўрокамі і выкананнем дробных мастацкіх замоў. У 1918 г. – справавод мастацка-археалагічнага пададзела АНА выканкама Савета працоўных і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці. У кастрычніку 1920 г., у сувязі з тым, што ў якасці загадчыка «тэхнічнай часткай аддзела не праводзіў належнага тэхнічнага нагляду над выкананнем замоў і выкарыстаннем атрыманых па патрабаваннях аддзела матэрыялаў», Хозераў прыцягваўся да суда «па абвінавачванні ў падробках, хабарніцтве і злачынствах па пасадзе», атрымаўшы ў выніку «строгую вымову і папярэджанне». У далейшым працягнуў працу ў губАНА ў якасці тэхніка.

У студзені 1925 г. узначаліў Смаленскі губмузей і СДАМ (апошні – спачатку толькі часова, паколькі кандыдатура Хозерава не была зацверджана ў Галоўнавуцы). У лютым 1927 г. вызвалены ад пасады дырэктара СДАМ, а ў сувязі з тым, што губмузей у тым жа годзе быў скасаваны, прызначаны інспектарам па справах музеяў (пры губ-АНА). З 8 ліпеня 1929 г. – загадчык мастацкай галерэі СДАМ, а з 9 верасня таго ж года – ізноў часовы выканаўца абавязкаў дырэктара Смаленскага дзяржаўнага музея. У студзені 1930 г., з прызначэннем на пасаду інспектара па справах музеяў і дырэктара Заходняга абласнога дзяржаўнага музея (ЗАДМ) А.І. Амосенкі, Хозераў стаў яго намеснікам (па ЗАДМ). У траўні 1931 г. у выніку чысткі, праведзенай у ЗАДМ гарадской кантрольнай камісіяй ВКП(б) і Рабоча-сялянскай інспекцыяй, Хозераў звольнены з музея і зноў прыцягнуты «да судовай адказнасці». Гэта адбылося, не гледзячы на тое што Хозераў быў вельмі паслухмяным правадніком дзяржаўнай палітыкі ў музейнай справе губерні. Перыяд яго знаходжання на пастах загадчыка губмузея і інспектара па справах музеяў стаў першым крокам на шляху ператварэння музеяў Смаленшчыны ў палітыка-асветныя ўстановы. Разам з тым, з’яўляючыся адмыслоўцам досыць высокага ўзроўню, Хозераў многае зрабіў для вывучэння дойлідства Смаленшчыны (званіца Ўспенскага сабора, цэрквы Пятра і Паўла, Іяана Папярэдніка, Іяана Багаслова, Міхаіла Арханёла, цвердзевая сцяна) і Беларусі (Сафійскі сабор і Спаскі храм у Полацку; царква Звеставання ў Віцебску).

з супрацоўнікамі Смаленскага музея”)

І.М. Хозераў (2 рад, справа) з супрацоўнікамі Смаленскага музея

Гістарычна-архітэктурныя даследаванні Хозераў спалучаў з археалагічнымі пошукамі «згубленых частак старажытных будынкаў». Сферу яго навуковых інтарэсаў складала таксама вывучэнне помнікаў іканапісу са збору былога музея «Руская даўніна». У 1922 г. Хозераў увайшоў у склад кіравання Музея старога Смаленска, а таксама створанага пры апошнім па ініцыятыве губмузея аднайменнага таварыства. Пазней ён быў і ў кіраванні Смаленскага таварыства краязнаўства.

Хозераў прымаў актыўны ўдзел у мастацкім жыцці Смаленска: яго працы экспанаваліся на розных выставах, у тым ліку на 1-й і 2-й выставах Таварыства смаленскіх мастакоў (1918, 1919 гг.), а ў 1926 г. ён стаў чальцом Смаленскага філіяла АХРР. У канцы 1930-х гг. Хозераў з’яўляўся старшынём Смаленскага таварыства «Мастак» (на люты 1940 г.). Аж да самага пачатку вайны ў абласной перыёдыцы ён асвятляў навуковыя і культурныя падзеі, якія адбываліся ў краі. У 1941 г. Хозераў выступіў з дакладам на пленуме інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры імя Н.Я. Мара, дзе падвёў вынікі археалагічных даследаванняў помнікаў архітэктуры Смаленшчыны.

Улетку 1941 г.. падчас нямецкага бамбавання Смаленска (па іншых звестках, Менска), загінула маёмасць Хозерава, у тым ліку бібліятэка і навуковы архіў. У ліку згубленых апынуліся неапублікаваныя працы Хозерава «Помнікі архітэктуры Полацкага Барысаглебскага манастыра XII ст.», «Разваліны Манамахава храма 1101 г. у Смаленску» і шэраг іншых рукапісаў. З 1944 г. Хозераў працаваў у Акадэміі архітэктуры СССР, а з 1946 г. – у Кіраванні па справах архітэктуры пры СНК БССР. Апошнія гады яго жыцця прайшлі ў Менску.

У паваенны перыяд, не гледзячы на цяжкую хваробу, ён паспеў прыняць удзел у новых даследаваннях Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, а таксама напісаў некалькі прац: «Смаленскі крэмль», «Новыя звесткі пра помнікі архітэктуры ХI-ХII стст. у Полацку», «Яшчэ пра майстра Пятра», «Архітэктура і жывапіс Заходняй Русі ХI-ХII стст.» і інш. Навуковую спадчыну Хозерава складаюць апублікаваныя асобнымі выданнямі і ў перыёдыцы працы, галоўным чынам па гісторыі архітэктуры Смаленшчыны і Беларусі.

Сачыненні:

Археалагічнае вывучэнне помнікаў дойлідства старажытнага Смаленска//Кароткія паведамленні інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры. – Вып. XI. – М.; Л., 1945. – С. 20-26;

Беларускае і Смаленскае дойлідства XI – XII стст. – Менск, 1994; Горад Смаленск напачатку XVII стагоддзі//Смаленская абарона. 1609-1611 гг. – Смаленск, 1939. – С. 227-258;

Знакі і таўры цэглы смаленскіх помнікаў дойлідства найстаражытнага перыяду//Навуковыя весткі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – Т. V. – Вып. 3. – Смаленск, 1929. – С. 167-184;

Да даследавання канструкцыі Спаскага храма ў Полацку. – Смаленск, 1927;

Новыя звесткі пра помнікі старажытнага Смаленска //Новыя звесткі пра Смаленскую гарадскую сцяну. – Смаленск, 1930;

Новыя дакументы пра творчасць Д. Жылярдзі//Архітэктура СССР, 1941, № 2, с. 63;

Выяўлены невядомыя праекты М.Ф. Казакова і Д. Жылярдзі//Працоўны шлях, 1941, 2 лют.;

Ахоўваць помнікі даўніны//Працоўны шлях, 1940, 29 лістап.;

Помнік ранняга італьянскага Адраджэння 13-га стагоддзя са збору Смаленскага дзяржаўнага гістарычна-этнаграфічнага музея//Працы Смаленскіх дзяржаўных музеяў. – Вып. 1. – Смаленск, 1924.-С. 89-102.

НАША СЛОВА № 7 (1158) 12 лютага 2014 г.

Рубрика: Навіны | Метки: архітэктура, музей, смаленск, смоленск, хозераў, хозеров

📚
Архіўнае паведамленне

Апублікавана: 17 лютага 2014 г. • Аўтар: admin

Крыніца: smalensk.org (2010-2014, архіў Archive.org)

Захавана для адукацыйных мэтаў і культурнай спадчыны.