Юрка Віцьбіч
У нас, безумоўна, няма аніякіх падставаў, каб адчуваць крыўду да газеты «Новое русское слово». Газета гэтая, як падкрэслівае самая ейная назва, не беларуская, а расейская. Таму калі мы, беларусы, ведаем гісторыю і літаратуру Расеі, дык расейцам, а тым больш на эміграцыі, зусім неабавязкова цікавіцца гісторыяй і літаратурай суседняе Беларусі. Адсюль зусім натуральна, што, разгарнуўшы нумар «Нового русского слова» ад 12 лістапада г. г., мы пабачылі і вялізны артыкул «Силуэты старой Москвы» і бюлетэнь Керэнскага, або «Лиги борьбы за Народную Свободу»,- «Грядущая Россия». А беларускае імя, такое дарагое ўсім нашым суродзічам ад калыскі да труны, мы знайшлі сярод абвестак. Там на бізнесавай старонцы побач з рэкламай расейскага кабарэ «Две гитары» мы заўважылі:
Книги из СССР
Е. Мозольков – Янка Купала. Жизнь и творчество. 181 ст. В переплете. Цена 75 центов. Книга посвящена родоначальнику белорусской литературы, поэту-революционеру, лауреату Сталинской премии.
Янка Купала як лаўрэат Сталінскае прэміі? З узварушанага паклёпам мінулага ўсплыла нізка жывых непасрэдных успамінаў.
1919 год. Вяліж. Былая мужчынская гімназія, перайменаваная ў 5-ю школу 2-й стунені. Сярод настаўнікаў яе асабліва вылучаецца Міхаіл Навіцкі. Пазней яго бальшавікі закатуюць ужо як протаіерэя за тое, што ён разам з мітрапалітам Мэльхісэдэкам падпіша ў 1924 г. зварот аб арганізацыі Беларускае аўтакафедральнае царквы. А цяпер ён кідае выкладаць расейскую мову і літаратуру і, насуперак праграм Наркомпроса РСФСР, чытае нам лекцыі па геаграфіі, гісторыі і літаратуры Беларусі. Аднойчы Навіцкі прыходзіць на лекцыю надзвычай усхваляваны і, разгарнуўшы апошні нумар «Правды», голасна чытае:
Демьян Бедный
Янкин голос соловьиный
Превратился в шип змеиный,
Да, в змеиный,
Да, в змеиный.
I, чытаючы, Навіцкі добрасумленна стараецца данесці да нас і падкрэсліць усю нянавісць крамлёўскага прыдворнага пісакі да нашага роднага паэты. З паўхвіліны ён маўчыць і раптам, узняўшы да гары рукі, з вялізным натхненнем чытае:
На сход, на усенародны грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
Навіцкі чытае з такім пачуццём, што твар ягоны стаўся белым, але голас не згубіў моцы:
Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,
Як гібнеш з дзецьмі ты ад катняе рукі -
Аддаці ўсё на суд, на усенародны сход,
Ідзі, аграблены, закованы народ.
Навіцкі закрыў далонямі твар і хутка выйшаў, амаль выбег, з класа. Шмат разоў пазней чуў я, як чыталі «На сход» Янкі Купалы, але ніколі ён не прагучаў для мяне з такой сілай, як тады, у 1919 годзе, у старадаўнім беларускім Вяліжы, што сцякаў крывёю, змагаючыся з расейскім бальшавізмам.
Вяліжская ратуша ў 1932 г.
1924 год. Віцебск, які пасля ўпартых цатрабаванняў насельніцтва толькі што далучаны да БССР. Педагагічны інстытут, у сцены якога зляцелася моладзь з усяе маляўнічае азёрнае Віцебшчыны – з берагоў азёраў Няшчэрда і Езерышча, з наддзвінскіх салатных вёсак, з яблыневых хутароў пад Бешанковічамі і Чашнікамі, з-пад Цяпіна, дзе тварыў калісьці Васіль Цяпінскі, з Полацка Францішка Скарыны. Успамінаецца літаратурны вечар, на які адмыслова запрошаны з Менска Янка Купала. Перад вечарам паэта з уласцівай яму сціпласцю звяртаецца з просьбай да пачынаючых пісьменнікаў з мясцовае філіі «Маладняка»:
- Вы ўжо, хлопцы, як-небудзь без мяне. А я вось пасяджу ў прэзідыі і разам з усімі паслухаю вас. Га?
Аднак сталася зусім інакш. Калі перапоўненая да краёў аўдыторыя пабачыла свайго паэту, дык здалося – усе дзвінскія парогі ўварваліся ў залю:
- Купала! Янка Купала!!! Купала!!!
Паэта ўзняўся з месца і пачаў чытаць. Голас ягоны быў глухі, і чытаў ён свае творы заўсёды манатонна. Аднак ён заўсёды даносіў да слухача тое натхненне, у якім гэтыя творы нарадзіліся. Ён прачытаў толькі адзін верш, але трэ было мець вялікую мужнасць, каб прачытаць яго. На пярэдніх крэслах сядзелі мясцовыя камуністы. Значная частка іх пазней загіне ў савецкіх катавальнях за падтрымку, як адзначаць суддзі, мясцовага нацыяналізму. Але ж паміж імі сядзелі чэкісты, на руках якіх не высыхала беларуская кроў. Янка Купала не бачыў іх, калі чытаў:
Чужак-дзікун, крывёю упіўшысь свежай,
Запрог цябе ў няволю, ў батракі,
I тваю маці-бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часці, на кускі.
I калі Янка Купала скончыў, дык зноў зашумелі ранейшыя дзвінскія парогі. Сінявокія студэнткі ў даматканай вясковай вопратцы, так-сяк пераробленай на гарадскі ўзор, падносілі яму звычайныя беларускія палявыя кветкі – васількі, рамонкі. А потым нечакана на крэсла ўскочыў высокі, дужы, зграбны юнак у вышыванай кашулі. Пазней ён – Сцяпан Такеля, як нацдэм знікае назаўсёды ў капальнях Сібіры. А цяпер ён запяяў – уся аўдыторыя падхапіла ягоны моцны голас:
Не пагаснуць зоры ў небе,
Пакуль неба будзе.
Не загіне Край забраны,
Пакуль будуць людзі.
1932 год. Менск. Дом пісьменніка. Ён двухпавярховы з мезанінам і падвалам. На гэтых двух паверхах месціліся рэдакцыі «Полымя рэвалюцыі» і «Літаратура і мастацтва», Літаратурны фонд, кабінет сакратара парткома Гурскага, кабінет старшыні Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР Клімковіча, зала для агульных пасяджэнняў і г. д. У падвале знаходзіўся рэстаран. У той самы дзень наверсе ў зале адбывалася агульнае пасяджэнне, прысвечанае абгаварэнню Сталінскае канстытуцыі . Адсутнічаць на такім насяджэнні не рэкамендавалася. Таму ўнізе ў рэстаране за адным з ягоных столікаў сядзелі толькі Алесь Дудар, Уладзімір Хадыка і Валеры Маракоў. Алесь Дудар незадоўга перад гэтым вярнуўся з ссылкі, якую адбываў за свой верш «Вецер з Усходу». Пазней яго расстраляюць. Таксама праз некалькі год жорсткая скала на беразе Байкала раздушыць у часе выбуху савецкага катаржаніна Уладзіміра Хадыку. Звар’яцее ў адным з сібірскіх лагераў Валеры Маракоў . А тады яны моўчкі пілі горкае піва. Час ад часу да іх даляталі зверху выкрыкі Клімковіча:
Янка Купала ў Смаленску
- Вялікі Сталін… Адзіная ў свеце Канстытуцыя… Вялікі брацкі рускі народ…
Маракоў адштурхнуў убок кухаль і, працягнуўшы да гары руку, амаль шэптам прыгадаў Блока:
Ты будешь доволен собой и женой,
Своей конституцией куцей,
А вот у поэта всемирный запой,
И мало ему конституций.
Нечакана адчыніліся дзверы, і ўвайшоў Янка Купала. Ён прыйшоў не з залы, бо на ягоным паліто яшчэ не паспелі растаяць сняжынкі. Трох маладзейшых паэтаў агарнула радасць. Яны цяпер тут не адны. З імі Янка Купала. Яны сустрэлі яго з тэй непаўторнай цеплынёй, з якой сустракалі толькі Янку Купалу. Крыху счакаўшы, Уладзімір Хадыка звярнуўся да яго з просьбай:
- Дзядзька Купала, прачытайце нам што-небудзь сваё новае.
I Купала прачытаў першы радзел свае новае паэмы «Над ракой Арэсай». Паэма была прысвечана будаўніцтву камуны на Палессі і з’яўлялася спробай паэты зразумець савецкую рэчаіснасць. Тры маладзейшыя паэты ніколі яшчэ нічога не чулі больш убогага па форме і па зместу. Ім сталася сумна і страшна. Ім сталася балюча за Янку Купалу. Скончыўшы, ён запытальна паглядзеў на іх, што стараліся не глядзець яму ў вочы. Яны вельмі любілі Янку Купалу, каб сказаць яму няпраўду. I тады ён хутка ўстаў.
- Дзякую за шчырасць,- падняўшы руку да паверхаў, дадаў:- А там ёю захапляюцца.
I раптам, ужо ўзяўшыся за клямку дзвярэй, звярнуўся да Алеся Дудара радкамі ягонага верша:
Ішлі людзі праз Себеж на захад,
Не згубіўшы, шукалі чагосьці.
I пад замчышчам сохнуць і чахнуць
Беларускія белыя косці.
Ніхто ніколі не бачыў, каб мужны, нягнуткі, зацяты Алесь Дудар плакаў, але тады, у той вечар, у тым сутарэнні Дома пісьменніка, ён плакаў.
1936 год. Менск. Той жа Дом пісьменніка. Толькі замест таленавітае сям’і беларускіх песняроў у ім засталіся толькі тымчасовыя недабіткі і «ўдарнікі, закліканыя ў літаратуру». У калідоры сустракаю Янку Купалу.
- Чуў, Юрка, што вы ездзілі ў Полацк,- кажа ён.- Я вось збіраюся туды і ніяк не збяруся. Раскажыце, што цікавага там бачылі?
Я расказваю, што, вандруючы па полацкіх вуліцах, зусім выпадкова трапіў на завулак імя Янкі Купалы. Ён маленькі і здаецца фіялкавым ад бэзу, што з абодвух бакоў звісае над ім. Ён парослы травой, бо канчаецца абрывам. А пад гэтым абрывам цячэ Палата – тая самая, якое дзеля «прозвашася полочане». Направа відаць старадаўняя царква Спаса, пабудаваная Ефрасінняй, князёўнай полацкай. Налева, за ўзвышшам Ніжняга Замка, выглядаюць купалы Святое Сафіі. А крыху далей, за Дзвіной, усталі сцяной лясы і пайшлі, пайшлі далека, далека, на дзесяткі кіламетраў аж да самых Браслаўскіх азёраў. I з аднаго боку канчаецца завулак імя Янкі Купалы Палатой, а з другога – вуліцай імя Міхаіла Калініна.
Алесь Дудар у час смаленскай ссылкі
- Завулак Янкі Купалы?- здзіўляецца паэта.- Няўжо яшчэ яго не перайменавалі?
1941 год. Смаленшчына. Стромкі ўзгорак невядомае рэчкі. Пачатак другое сусветнае вайны. Гараць паводле сталінскага і гітлераўскага загадаў тысячагадовыя беларускія гарады. Адным з апошніх пакідае Менск Янка Купала. I вось у Смаленшчыны, на стромкім узбярэжжы невядомае рэчкі, ён вылазіць з машыны. Падышоўшы да абрыву, ён нізка, нізка, да самае зямлі, кланяецца Беларусі, ахутанай у незлічоны раз за сваю гісторыю вайсковым дымам. А потым, звярнуўшыся да прысутных, кажа:
- Лепш мне кінуцца ўніз галавой з гэтага абрыву, чым ехаць далей.
1942 год. 28 чэрвеня ў адной з маскоўскіх гасцініцаў нечакана памірае Янка Купала. Пройдзе час, і гісторыя падыме заслону, за якой памёр на чужыне, у эміграцыі, наш нацыянальны Прарок. Нам сёння ягоная смерць здаецца і перадчаснай і загадкавай. Усяго 10 дзён заставалася да ягонага 60-годдзя, і па самаму складу свае натуры ён належаў да людзей даўгавечных. Тым часам нам застаюцца толькі прыпушчэнні. Яшчэ ў 1930 г. Янка Купала спрабаваў забіць сябе… Магчыма, трапіўшы ў сталіцу турмы народаў, ён у стане душэўнай дэпрэсіі забівае сябе. А магчыма, яго забіў кат у белым доктарскім халаце. Сваіх паэтаў расейцы калісьці забівалі на дуэлях, а ў нашыя часы атручвалі медыкаментамі, дык ці можна чакаць ад іх літасці да небяспечнага чужога паэта.
1 ліпеня хавалі Янку Купалу. Цярушыў дождж. Па вузкіх завулках сунуўся чорны фургон. Сустрэчныя масквічы не звярталі аніякае ўвагі на убогую пахавальную працэсію. Чорны фургон рушыў паволі з целам вялікага Народнага Паэты Беларусі не да сцяны Крамля, дзе хаваліся вялікія людзі краіны. Хіба ж так хавае Масква сваіх адданых наймітаў – сапраўдных сталінскіх лаўрэатаў, як хавала Янку Купалу? Але дарма
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны
I не вырыць ямы гэтакай глыбіны,
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-Маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца,
Устане день з зямлі мой, на крыж абапрэцца
I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Янка Купала як лаўрэат Сталінскай прэміі? Хлусня! Недарэчнасць! Мана! Янка Купала ў той ступені з’яўляецца сталінскім лаўрэатам, у якой Аляксандр Пушкін з’яўляецца толькі і вылучна камер’юнкерам «двора его императорского величества государя императора Николая Первого» .
1950 г.
Рубрика: Артыкулы |
Метки: віцьбіч, вяліж, дудар, купала, паэты, себеж, смаленск