Старадубскі беларус

admin 6 хв чытання Артыкулы

Алег Трусаў

(аповед пра Валера Слюнчанку)

Часам, калі я ўспамінаю часы юнацтва і сталення, часы сваёй працы ў сістэме беларускай рэстаўрацыі, я згадваю ўсмешку высокага танклявага мужчыны з чорнай як смоль барадой. Гэта быў Валер Слюнчанка. Нарадзіўся ён у 1945 годзе ў г. Старадубе на Браншчыне, але потым пераехаў на вучобу і сталае жыхарства ў Менск.

Пазнаёміліся мы з ім у 1976 годзе. У гэтым годзе я скончыў кафедру археалогіі гістарычнага факультэта БДУ, атрымліваў Ленінскую стыпендыю ў сто савецкіх рублёў і меў першае месца на размеркаванні. Спачатку спадзяваўся застацца на роднай кафедры, але перад маім размеркаваннем гэта месца заняла адна прывабная жанчына, і мой лёс павярнуў мяне ў іншы бок. Паколькі я добра вучыўся, былі розныя цікавыя прапановы, напрыклад кафедра (і аспірантура) навуковага камунізму, школа КДБ і бліскучая кар’ера ў спецслужбе, а таксама праца археолагам у Спецыяльных навукова рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры БССР.

Паколькі я з дзяцінства марыў стаць археолагам і меў адпаведную падрыхтоўку, то без ваганняў выбраў апошняе. З першага ліпеня 1976 г., адмовіўшыся ад адпачынку, я быў залічаны ў штат навуковага праектнага бюро СНРПМ МК БССР на пасаду навуковага супрацоўніка з акладам 135 рублёў. Тады я пазнаёміўся з адным з самых лепшых тагачасных архітэктараўрэстаўратараў Беларусі Валерам Слюнчанкам.

Нашаму блізкаму знаёмству паспрыяла і маё мсціслаўскае паходжанне, бо Слюнчанка меў у маім родным горадзе аб’ект рэстаўрацыі – будынак былога кармеліцкага касцёла XVII – XVIII ст. ст. з унікальнымі фрэскамі.

Валер Слюнчанка

Але галоўным аб’ектам рэстаўрацыі, у які Валер уклаў шмат гадоў працы, была Полацкая Сафія. Гэты аб’ект патрабаваў вялікіх археалагічных даследаванняў, але на той час у Беларусі быў толькі адзін чалавек, дасведчаны ў галіне мураванага дойлідства – даследчык-археолаг Міхась Ткачоў. Аднак тэмай яго даследаванняў была ваенная архітэктура, а Полацкую Сафію ён вывучаў толькі як храм, прыстасаваны да абароны ў XV – XVII ст.ст.

Слюнчанку ж цікавіла ранняя гісторыя Сафіі, Сафія XI – XII стст. І таму для яе вывучэння ў 1975 годзе быў запрошаны ленінградскі археолаг архітэктуры Валянцін Булкін.

Прыйшоўшы на працу ў майстэрні, я зразумеў, што ў галіне архітэктуры я нічога не ведаю і не магу нават адрозніць фасад ад партала. У БДУ я вывучаў лацінскую мову і антычную Грэцыю, гісторыю Японіі і Егіпта, але гісторыю архітэктуры Беларусі нам ніхто не выкладаў, а археалогія Беларусі сягала да так званага дамангольскага перыяду, гэта значыць да сярэдзіны XIII ст. Культурны пласт часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай ніхто тады не вывучаў, і яго даволі часта зразалі бульдозерам, каб хутчэй выйсці да эпохі славутай «Старажытнарускай дзяржавы».

Высветліўшы, якога археолага атрымалі пасля размеркавання, кіраўнікі майстэрняў разам з Валерам Слюнчанкам камандзіравалі мяне на два месяцы ў Полацк, у экспедыцыю Булкіна з адной мэтай – навучыцца праводзіць раскопкі помнікаў архітэктуры.

Раскопкі Полацкай Сафіі праводзіліся, як вакол помніка, так і ўнутры будынка пад падлогай XVIІI – XIХ ст.

Валер Слюнчанка разам з маці

Было высветлена, што таўшчыня культурнага пласта вакол храма сягала на глыбіню 2,4 м, пачынаючы з ХІ ст. Гэтыя дадзеныя дазволілі Валеру зрабіць унікальны праект – Дзве Сафіі. Уверсе Сафія XVIІI ст. – помнік Віленскага барока з арганам, як зала арганнай музыкі. Унізе, пад падлогай – Сафія ХІ ст. – археалагічны музей, дзе можна пабачыць першапачатковыя муры і фрэскі. Дарэчы, мая першая справаздача пра раскопкі Сафіі, у якіх я браў непасрэдны ўдзел як памочнік Валянціна Булкіна, Слюнчанку спадабалася, і нашы стасункі сталі больш прыязнымі.

Трэба сказаць, што ўпершыню жывую беларускую мову, літаратурную і прыгожую, я пачуў менавіта на працы ў рэстаўрацыйных майстэрнях. Па-беларуску размаўлялі кіраўнік майстэрняў, галоўны архітэктар Сяргей Друшчыц, архітэктары Валянцін Калінін і Аляксандр Канаваленка, гісторык Людміла Трэпет, мастацтвазнаўца Элеанора Вецер і, вядома, Валер Слюнчанка.

Часта гучала беларуская мова на семінарах, якія ладзіў для архітэктараў і рэстаўратараў Алег Хадыка. Валер Слюнчанка быў актыўным удзельнікам гэтых семінараў і часта выступаў апанентам Алега Хадыкі. Да Элеаноры Вецер у госці часта хадзіў Зянон Пазняк. Потым на працу прыйшоў фатограф Вячаслаў Дубінка, а хімічную лабараторыю ўзначаліў сын Максіма Танка. Такім чынам, у сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя рэстаўрацыйныя майстэрні сталі трывалым беларускім асяродкам ад пачатку іх стварэння ў 1968 – 69 гадах.

Яны перанеслі пагром 1973 года, калі ў Менску пачалі актыўны пераслед і звальненне з працы беларускамоўных патрыётаў, хіба крыху спынілася культурніцкая праца. Але ў 1976 годзе яна зноў актыўна разгарнулася і асабліва пашырылася ў пачатку 80х гадоў.

Менавіта ў 80я гады па просьбе Валера я і пачаў археалагічныя даследаванні Кармяліцкага касцёла ў маім родным Мсціславе. Трэба сказаць, што касцёл збудаваны ў гістарычнай частцы горада насупраць Замкавай гары, дзе спачатку быў умацаваны дзядзінец, а потым вялікі драўляны замак.

Здагадкі Слюнчанкі аб унікальнасці культурнага пласта на касцельным падворку цалкам пацвердзіліся. Былі знойдзены рэшткі старажытнага пасада XІI – XVIІI стст., асабліва кафля і шкляны посуд, залаты галандскі гульдэн XVIІ ст. (проста каля сцяны касцёла), брацкія магілы абаронцаў Мсціслава, якія загінулі ад рук маскоўскіх нападнікаў летам 1654 г.

Паралельна з раскопкамі ў касцёле працавала група мастакоў-рэстаўратараў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Ракіцкага, прычым усе яны гаварылі па-беларуску.

”)

Вежа Карнякта (мал. В. Слюнчанкі)

Цікава, што летам 1971 года я паехаў на вучобу ў Менск цалкам зрусіфікаваным падлеткам, а праз дзесяць гадоў вярнуўся ў родны горад у якасці загадчыка аддзела археалогіі СНРПМ, які з 1980 г. пачаў усю працоўную дакументацыю весці па-беларуску.

Калі ў канцы 80х гадоў пачалося беларускае адраджэнне, рэстаўратары былі ў першых яго шэрагах. Яны бралі актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны, у выбарах у ВС СССР (1989), ВС БССР (1990) і мясцовыя саветы. Сярод іх быў і Валер Слюнчанка, старадубскі беларус, таленавіты архітэктар і мастацтвазнаўца. Ён напісаў некалькі грунтоўных артыкулаў па гісторыі беларускай архітэктуры, брашур па гісторыі Полацкай Сафіі і Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гародні.

На жаль, гэты працавіты чалавек меў слабое сэрца, якое зусім не шкадаваў. Ён мог тыднямі займацца архітэктурнымі абмерамі, лазіць па рыштаваннях і шурфах, цягаць цяжкія насілкі з друзам на суботніках у сутарэннях Полацкай Сафіі, з раніцы да позняга вечара сядзець за планшэтам з архітэктурнымі праектамі і рэканструкцыямі. Ён перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, якую зрабілі ў Вільні, крыху ачуняў і зноў узяўся за працу. Аднак сэрца не вытрымала, і Валер летам 1992 года адышоў у лепшы свет, не маючы і пяцідзесяці год. Але памяць пра яго, увасобленая ў адноўленым Полацкім Сафійскім Саборы, застанецца назаўжды.

Алег Трусаў.  Старадубскі беларус (аповед пра Валера Слюнчанку) // Наша Слова, № 34 (977), 25 жніўня 2010 г.

Рубрика: Артыкулы | Метки: архітэктура, беларусы, рэстаўратар, слюнчанка, старадуб

📚
Архіўнае паведамленне

Апублікавана: 1 красавіка 2013 г. • Аўтар: admin

Крыніца: smalensk.org (2010-2014, архіў Archive.org)

Захавана для адукацыйных мэтаў і культурнай спадчыны.