Іван Лепешаў, прафесар
Газета «Наша слова» 24 сакавіка гэтага года змясціла ліст С.М. Арцюха пад загалоўкам «Беларуская мова павінна быць дзяржаўнай на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне». Я прачытаў гэты ліст і ніяк не змог утрымацца, каб не выказаць катэгарычную нязгоду з, мякка кажучы, несур’ёзнай ініцыятывай аўтара «патрабаваць ад ураду РФ, каб у асобных суб’ектах федэрацыі ў якасці яшчэ адной дзяржаўнай мовы ўвялі беларускую, асабліва на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне». У іншых мясцінах аўтарскага артыкула ўпамінаюцца яшчэ і Беласток, Вільня, Дзвінск.
Папершае, нельга, як кажуць, гусей дражніць. Бо гэтыя патрабаванні моўнага характару могуць быць для кіраўніцтва нашай дзяржавы зачэпкай, каб чарговы раз абвінаваціць беларускіх «нацыяналістаў», «апазіцыянераў» у іх нібыта прэтэнзіях, не толькі моўных, але і тэрытарыяльных, да суседніх краін – Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы.
Падругое, не зразумела, пра якіх беларусаў Смаленскай, Бранскай і Пскоўскай абласцей клапоціцца аўтар. Праўда, ён спасылаецца на вядомую карту беларускага племя, зробленую ў свой час акадэмікам Я.Ф. Карскім. На ёй (пра гэта ведаюць сёння вельмі многія) у этнічных межах беларускай нацыі слушна, на аснове даследавання гаворак мясцовага насельніцтва таго часу, пазначана і большая частка Смаленскай губерні – аж да Вязьмы. Я.Ф. Карскі, несумненна, прымаў пад увагу і статыстычныя звесткі, што зрэдку публікаваліся на падставе перапісу насельніцтва царскай Расіі. Так, у кнізе «Смоленская губерния. Сведения 1859 г.» (выданне 1868 г.) змешчана наступная табліца: (гл. табліцу).
З табліцы бачым, што ў сямі з дванаццаці ўездаў Смаленскай губерні беларусы значна перавышаюць колькасць вялікарасіян ці складаюць абсалютную большасць насельніцтва гэтай губерні. Не будзем, аднак, забываць, што з таго часу прайшло 150 гадоў.
Як засведчана ў энцыклапедыях, Пскоў толькі нязначны час быў пад уладай Вялікага Княства Літоўскага, а з 1510 года ён ужо ў складзе Масковіі; Бранск у 1500 годзе занялі войскі Івана ІІІ, і Браншчына стала часткай той жа Масковіі; Смаленск з 1686 года паводле «Вечнага міру» паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай канчаткова замацаваны за Рускай дзяржавай. Працэс русіфікацыі беларусаў (а гэта – у асноўным сяляне, вясковае насельніцтва) быў у тыя стагоддзі марудны, бо яшчэ не было тады ні школ, ні газет, ні радыё, ні тэлебачання. Тое самае можна сказаць і пра ХІХ – пачатак ХХ стагоддзяў, калі Я.Ф. Карскі складаў згаданую вышэй карту. Расійскія ўлады і нават тагачасная перадавая, але з вялікадзяржаўнымі, шавіністычнымі поглядамі інтэлігенцыя прыкладалі значныя намаганні, каб гэты працэс паскорыць. Так, папулярны прадстаўнік дзекабрысцкага руху П. Песцель на старонках «Русской правды» рашуча выступаў за тое, каб беларусаў і маларосаў (украінцаў) «за сапраўдных рускіх лічыць і ад гэтых апошніх ніякімі іншымі назвамі не аддзяляць», заклікаў дабівацца таго, каб «на цэлай прасторы расійскай дзяржавы» была «адна толькі мова руская». Пушкін жа толькі і марыў пра час, калі «славянские ручьи сольются в русском море», а пра беларусаў пісаў, што гэта «народ, издревле нам родной».
Але толькі ў перыяд існавання СССР, калі пад інтэрнацыянальным лозунгам ствараўся «адзіны савецкі народ», амаль усе гэтыя мары ажыццявіліся. Рэзка змяніліся колькасныя суадносіны паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам. Сялян, гэтых адвечных захавальнікаў моўных традыцый, стала менш за 20 працэнтаў. Непараўнальна ўзмацнілася магутнае ўздзеянне школы і сродкаў масавай інфармацыі.
Гэта выразна можна бачыць на прыкладзе нашай сучаснай Рэспублікі Беларусь, дзе яе кіраўніцтва з гонарам заяўляе: «Мы те же русские, только со знаком качества». Маўляў, свяцейшыя за папу рымскага…
Пра стан жа беларускай мовы і яе далейшы лёс – ні слова. А між тым міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА ў мінулым годзе аднесла мову беларусаў да моў, што апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення. Гэтага не можа бачыць толькі сляпы. Я не стану тут прыводзіць агульнавядомыя факты пра адсутнасць беларускіх школ у нашых гарадах, сярэдніх і вышэйшых устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання, пра іншамоўную дзейнасць нашага радыё і тэлебачання, пра газеты, у якіх толькі назва надрукавана пабеларуску (скажам, «Рэспубліка», «Гродзенская праўда») і г.д. У нашым горадзе на цэнтральнай плошчы вось ужо колькі месяцаў красуецца выкананы вялікімі прыгожымі літарамі лозунг: «Я люблю тебя, Беларусь!»
Хочацца запытаць у Сяргея Арцюха: ці захавалася хоць штонебудзь беларускае ў іхнім вытворчым аб’яднанні «Азот»? У нашым, напрыклад, універсітэце я не бачу нічога беларускага, апрача вялізнай прыгожай шыльды: «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы». Звярніце ўвагу: «імя Янкі Купалы». Хіба гэта не здзек з памяці нашага генія, прарока, апостала? Ёсць у нас на філалагічным факультэце і аддзяленне беларускай мовы і літаратуры (набіраецца толькі 22 стацыянарнікі ды 12 завочнікаў, бо няма куды размяркоўваць выпускнікоў зза колькаснага скарачэння беларускіх школ; а было ж не так даўно – у 19911994 гадах – зусім іншае: 125 стацыянарнікаў і 50 завочнікаў). Думаю, што не толькі я, а і іншыя адчуваюць сябе тут, як абарыгены ў рэзервацыі. І ніхто з кіраўніцтва не збіраецца выратоўваць беларускую мовугаротніцу ў нашай краіне. І ніякага прасвету не відно.
У канцы мінулага года адзін журналіст на прэсканферэнцыі задаў Прэзідэнту А.Р. Лукашэнку пытанне: «Беларуская мова зараз знаходзіцца ў заняпадзе, у тым ліку зза дэфіцыту падтрымкі з боку беларускай дзяржавы. Я прапаную ўвесці сістэму дзяржаўных грантаў і прэферэнцый для грамадскіх арганізацый, якія займаюцца моўнымі праблемамі, для беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі і для беларускамоўных класаў і школ». Адказ быў такі: «Вопросы языковые раз и навсегда в стране решены. По крайней мере, в тот период времени, пока я буду президентом. Мы этот вопрос однозначно решили на референдуме, и я не собираюсь вносить какие-либо дополнения и новшества».
Гэта ўсё было пра тое, як амаль дабілі дзяржаўную (па Канстытуцыі, але не дэфакта) мову ў нас – у самастойнай, незалежнай, суверэннай Рэспубліцы Беларусь. А цяпер – пра Смаленшчыну (наконт Пскоўскай і Бранскай абласцей казаць не варта).
Беларусы ў сённяшняй Смаленшчыне – гэта нешта віртуальнае, фантастычнае, міфічнае. Няма іх там. Днём з агнём не знойдзеш іх. За больш чым трыста гадоў іх даўнымдаўно пераварылі ў катле русіфікацыі. І яны канчаткова забылі, што іх продкі калісьці былі беларусамі (ці, дакладней, ліцьвінамі). З уласнага досведу ведаю: калі каму з іх нагадаеш, што іх прапрапрадзеды – беларусы, дык яны, цяпер ужо «стопрацэнтныя вялікарасіяне», і чуць не хочуць гэтага, гнеўна абураюцца на цябе, «бульбаша», а іншыя паблажліва пасміхаюцца: маўляў, у землякі набіваешся…
Праўда, асобныя ўласна беларускія слоўцы і выразы маглі цалкам застацца незабытымі і нават цяпер ужывальнымі ў моўнікаў Смаленшчыны. Так, славуты паэт Аляксандр Твардоўскі (родам з Рослаўскага ўезда) у паэме «Дом у дороги» замест рускага «косовище» выкарыстаў знаёмае з дзяцінства, ад бацькоў і дзядоў, беларускае «кассё» («И, опершися на косьё, босой, простоволосый, он постоял и понял всё и не дошел прокоса»). Або ў трох выданнях паэмы «Теркин на том свете» было беларускае прыслоўе «ўначы» замест рускага «ночью» («Пить – пивал. Порой без шапки приходил, в ночи шумел. Но, помимо как от бабки, он взысканий не имел»), а пасля, відаць, нехта падказаў паэту, што няма ў рускай мове спалучэння «в ночи», і ў апошнім выданні была зроблена замена.
Калі б у якімнебудзь раёне Смаленшчыны нейкім цудам уцалела хоць некалькі вёсак, жыхары якіх, не адмаўляючыся ад «великого, могучего, правдивого и свободного русского языка», пажадалі, каб іх дзеці вучыліся пабеларуску, то адразу б узнікла невырашальная праблема: а навошта вучыць беларускую мову, калі ў далейшым яна не мае ніякага прымянення ў жыцці? У якую расійскую вышэйшую ўстанову адукацыі зможа паступіць выпускнік такой беларускай сярэдняй школы? Няма такіх. А захоча выпускнік паехаць на вучобу ў суседнюю «брацкую Беларусь», дык і тут, аказваецца, няма ніводнай ВНУ з беларускай мовай навучання. Зачараванае кола…
У якасці прыкладу двухмоўя ў Расіі С. Арцюх прыводзіць Татарстан, але, мусіць, не ведае, што ў Татарстане такая ж незалежнасць, якую БССР мела ў Савецкім Саюзе. Калі не так даўно Дума РФ абмяркоўвала і зацвярджала Канстытуцыю Татарстана, на трыбуну падняўся цяпер ужо ўсім вядомы Жырыноўскі (яшчэ больш вядомы як «сын юрыста») і рашуча заявіў: канстытуцыйны артыкул аб тым, што Прэзідэнтам Татарстана можа быць толькі чалавек, які валодае татарскай мовай, аніяк непрымальны. І амаль уся Дума пагадзілася з ім.
С. Арцюх задае цэлы шэраг пытанняў: ці выкладаецца на Смаленшчыне беларуская мова і літаратура «хаця б у асобных школках як прадмет вывучэння», ці дапамагае ўрад Беларусі беларусам Расіі мець сваё нацыянальнае жыццё, ці падтрымлівае беларускамоўных пісьменнікаў Смаленшчыны, ці дзейнічае ТБМ у РФ? і г.д. На ўсе гэтыя і іншыя пытанні адказ можа быць толькі адмоўны: не, няма там нічога гэтага. І не можа быць. Па тых жа прычынах, пра якія вышэй гаварылася, здаецца, дастаткова.
І.Я. Лепешаў. Дзіўна, але факт…: зб. навуковых артыкулаў. – Гродна: Ламарк, 2010. – С.55-59.
Рубрика: Актуаліі |
Метки: адукацыя, беларуская, лепешаў, мова, смаленск, смаленшчына, школа