Лакальныя моўныя рысы ў «Жыціі Аўрамія Смаленскага» (па спісе XVII ст.)

admin 8 хв чытання Артыкулы

Эльвіра Ярмоленка (г. Мінск)

Са старажытных часоў захавалася вялікая колькасць тэкстаў (богаслужбовых кніг і іншых кніг высокай царкоўнай літаратуры), напісаных на царкоўнаславянскай мове. Спецыфікай гэтых тэкстаў абумоўлены той факт, што ў іх толькі спарадычна траплялі лакальныя моўныя асаблівасці. Перапісчыкі імкнуліся па магчымасці дакладней перадаваць тэкст, а адпаведна, і арфаграфію арыгінала [1, с. 106].

Ступень пранікнення ў тэкст элементаў роднай гаворкі аўтара рукапісу знаходзілася ў прамой залежнасці ад яго граматнасці, адукаванасці, асабістай вывучкі, а таксама ад таго, з’яўляўся рукапіс копіяй стараславянскага тэксту або арыгінальным творам. Таму для гісторыка-дыялекталагічных даследаванняў помнікі царкоўнаславянскай мовы даюць параўнальна невялікую колькасць інфармацыі. Аднак пры высвятленні пытання аб месцы ўзнікнення таго ці іншага спіса або аб этнічнай прыналежнасці яго аўтара звесткі гэтых помнікаў становяцца важнымі і запатрабаванымі.

Характарыстыка лакальных моўных асаблівасцей старажытных помнікаў – задача складаная, паколькі, як слушна заўважыў С.І. Каткоў, “нават і параўнальна поўнае адлюстраванне на пісьме асаблівасцей мясцовага маўлення не дае непасрэднай яе карціны, паколькі побач з адлюстраваннем прамым мае месца і ўскоснае, якое патрабуе правільнай расшыфроўкі, прычым часам магчыма некалькі варыянтаў інтэрпрэтацыі” [2, с. 3].

Сярод агіяграфічных твораў, створаных на ўсходнеславянскіх землях, вылучаецца “Жыціе Аўраамія Смаленскага”, якое было напісана ў хуткім часе пасля смерці святога каля 1238 г. яго вучнем Яфрэмам.

Г. Бугаслаўскі пісаў: “Абставіны манашаскага жыцця прападобнага Аўраамія Смаленскага так рэзка вылучаліся на фоне сучаснага жыцця, што нявольна спынялі на сабе ўвагу прыхільнікаў аскетычнага жыцця, і таму спісы жыццеапісання яго, або як у старажытнасці выражаліся “житія и терпенія” прападобнага Аўраамія Смаленскага, шырока былі распаўсюджаны на Русі як на поўдзень ад Смаленска, так і на поўнач” [3, с. 107].

Вядомыя на сённяшні дзень спісы “Жыція Аўраамія Смаленскага” прадстаўляюць адну рэдакцыю (Яфрэмаўскую), аднак яны падзяляюцца на тры тыпы: 1) спісы асноўнага (поўнага) тыпу, 2) спісы пролагавага (скарочанага) тыпу, 3) пераробкі.

Спіс “Жыцiя Аўраамiя Смаленскага” XVII ст. з “Жыційніка рускіх святых” (“Житiйникъ русскихъ святыхъ”) Пагодзінскага збору Расійскай нацыянальнай бiблiятэкi № 650 уяўляе пераробку жыцiя святога, адметнасцю якой з’яўляецца наяўнасць у тэксце загалоўкаў, імя бацькі Аўраамія і мiрскога iмя Аўраамiя, напiсання Седалище замест Селище i інш. Мова рукапісу царкоўнаславянская. Наша даследаванне прысвечана аналiзу лакальных моўных асаблівасцей, якія спарадычна сустракаюцца ў названым тэксце.

Аўтар Пагодзінскага спіса паслядоўна прытрымліваецца строгіх царкоўнаславянскіх норм і толькі часам адступае ад іх, напрыклад, пры ўжыванні форм множнага ліку на месцы парнага: руце и нозе иссуши (75) [1], але: написа … двý иконы (70), дастъ имъ (65). Адхіленні ад этымалагічна-марфалагічных напісанняў, з’яўленне якіх у тэксце можна звязаць з уплывам жывога вымаўлення перапісчыка, у дадзеным спісе нешматлікія.

Адзінкавыя прыклады сведчаць аб наяўнасці ў маўленні аўтара рукапісу акання. Побач з традыцыйным словаўжываннем Златоустыи (70) у тэксце адзначаны напісанні з а на месцы о: Златаустаго (67), Златаустемъ (69). Ускосна пра наяўнасць акання сведчыць адваротная з’ява – гіперкарэктнае ўжыванне о на месцы а: Афонасей (66).

Як адлюстраванне якання мы кваліфікуем напісанне літары я ў першым пераднаціскным і першым паслянаціскным складзе на месцы літары е: времяни (73, дзве фіксацыі), времяни (77), имянемъ (65), имянемъ (78), христоимянитой (83), четырядесять (66).

Ужыванне варыянта гряжане (79) паралельна з гражане (74) у Жыціі дазваляе меркаваць аб наяўнасці ў гаворцы аўтара рукапісу мяккага р. Па назiраннях М.М. Дурнаво, у паўночна-ўсходняй частцы беларускiх гаворак мяккi р ужываецца непаслядоўна, сустракаюцца выпадкi з мяккім р як на месцы старога мяккага р, так і на месцы старога цвёрдага р [4, с. 176]. П.А. Растаргуеў таксама адзначыў ужыванне мяккага р на месцы цвёрдага р у смаленскіх гаворках, напрыклад: ряма, вірябей [5, с. 63].

Напісанні началника (67), далнии (67) указваюць на ацвярдзенне л перад н, што характэрна, як засведчыў М.М. Дурнаво, для значнай часткі беларускіх гаворак, як паўночнабеларускіх, так і паўднёвабеларускіх [4, с. 176]. Ён жа заўважыў, што “не адзначана l у падобных выпадках у паўночнабеларускіх цокаючых гаворках” [4, с.176].

У даследаваным спісе “Жыція Аўраамія Смаленскага” зафіксавана слова чепýхъ (76), дзе ўжыванне літары ч на месцы ц можна разглядаць як адлюстраванне цокання, але калі ўлічыць прыведзенае вышэй выказванне М.М. Дурнаво, а таксама тое, што такое самае напісанне зафіксавана і ў старажытнейшым з вядомых на сённяшні дзень спісе Жыція (Увараўскі спіс № 350, Дзяржаўны гістарычны музей, Масква), то напісанне ч на месцы ц варта звязваць хутчэй з правапіснай традыцыяй або з уплывам мовы пратографа.

Звяртаюць на сябе ўвагу напісанні ж, жж у словах бездожжие (74), бездожжiи (76), дожь (76), дожжа (77). Паралельна фіксуюцца традыцыйныя напісанні з жд: дождь (77). П.А. Растаргуеў адзначаў, што “афрыката дж маецца толькі ў нямногіх гаворках Смаленшчыны, менавіта ў паўночна-заходняй частцы…” [5, с. 87].

А.М. Булыка, характарызуючы арфаграфічныя рысы старабеларускай мовы, якія склаліся пад уплывам жывога маўлення, заўважае, што спецыяльнай літары для адлюстравання на пісьме новага гука дж не было, на пісьме ён перадаваўся па-рознаму, літарамі ч, ж, спалучэннямі дч, дж, напрыклад: дожжу [6, с. 123].

Зафіксавана напісанне літары ы пасля ц на месцы традыцыйнага ци, што сведчыць аб зацвярдзенні гука ц: Владычицы (65), Богородицы (65), в сердцы (79).

Адзначаны выпадкі ўжывання х на месцы к: хто (80) паралельна з кто (67), х коему (80), мяхку (82). Я.Ф. Карскі прывёў значную колькасць прыкладаў падобных хістанняў з помнікаў старабеларускай пісьменнасці [7, с. 373–374].

У даследаваным спісе выяўлены выпадкі знікнення пачатковага ненаціскнога гука ў прыназоўніках і прыстаўцы из (ис), што таксама характэрна для смаленскіх гаворак, параўн.: из монастыря с Высокоседалного (69) – из монастыря из Высокоседалного (69).

У “Жыціі Аўраамія Смаленскага” выяўлены выпадкі асіміляцыі зычных па звонкасці – глухасці: бес печали (66), з божиею (68), бесправды (73), з богобоязнивыми (76), з женами (79), збысться (79), опщаго (79), а таксама выпадкі зліцця зычных: на трицати (75).

Яшчэ меншая колькасць адхіленняў ад традыцыйнай царкоўнаславянскай нормы, якія можна кваліфікаваць як лакальныя моўныя рысы, выяўлена на марфалагічным узроўні.

Назоўнікі мужчынскага роду ў форме роднага склону адзіночнага ліку спарадычна ўжываюцца з канчаткам -у: отроча мужска полу (65), полно народу (72). Як вядома, працэс аб’яднання форм з ранейшымі ановамі на і на -u пачаўся вельмі рана. А.М. Сялішчавым прыведзены прыклады форм роднага склону адзіночнага ліку ранейшых асноў на з канчаткам -оу са стараславянскіх помнікаў [8, с. 94]. Даследчыкі гісторыі беларускай пісьменнасці адзначаюць, што ў беларускай літаратурна-пісьмовай мове XVI–XVII стст. “пры афармленні роднага склону неадушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду… вядучую ролю ва ўсіх без выключэння жанрава-стылявых разнавіднасцях старабеларускай пісьменнасці набыў канчатак -у/-ю” [9, с. 16]. Ужыванне такіх форм у “Жыціі Аўраамія Смаленскага” можа быць звязана з лакальнымі моўнымі асаблівасцямі, а таксама з правапіснымі тэндэнцыямі.

Больш паказальным для лакалізацыі помніка з’яўляецца ўжыванне формы давальнага склону Лукý: явися Господь преподобному Лукý Просину (72). Як вядома, для беларускай мовы характэрна захаванне свісцячых перад ý склонавых канчаткаў назоўнікаў з асновай на г, к, х [гл.: 10, с. 70–71]. Аднак М.М. Дурнаво адзначыў, што ў паўночнабеларускіх гаворках нярэдка сустракаюцца і формы, у якіх г, к, х захоўваюцца [4, с. 172].

Як характэрную рысу беларускай мовы М.М. Дурнаво называе таксама захаванне канчатка ў формах давальнага і меснага склонаў адзіночнага ліку назоўнікаў з былой асновай на , а таксама меснага склону назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду з асновамі на мяккія [4, с.172]. У “Жыціі Аўраамія Смаленскага” зафіксавана ўжыванне назоўнікаў жаночага і ніякага роду ў форме меснага склону адзіночнага ліку з канчаткам -и (ы): на земли (64), в сердцы (79).

Шэраг адзначаных намі ў даследаваным спісе “Жыція Аўраамія Смаленскага” лакальных моўных рыс (аканне, яканне, наяўнасць мяккага р на месцы старога р цвёрдага, ацвярдзенне л перад н і інш.) дазваляюць выказаць меркаванне, што названы рукапіс быў створаны на тэрыторыі Смаленшчыны або яго аўтар быў носьбітам смаленскіх гаворак.

Праведзенае даследаванне прадстаўляе толькі спробу магчымай лакалізацыі аднаго са спісаў “Жыція Аўраамія Смаленскага”. Для больш грунтоўнага заключэння неабходна правесці таксама аналіз графічных асаблівасцей рукапісу, лексічны і сінтаксічны аналіз мовы помніка.

Спіс літаратуры

  1. Хабургаев, Г.А. Локальная письменность XVI–XVII вв. и историческая диалектология / Г.А. Хабургаев // Изучение русского языка и источниковедение. – М. : Наука, 1969. – С. 104–126.

  2. Котков, С.И. Южновеликорусское наречие в XVII столетии / С.И. Котков. – М. : Изд-во Академии наук СССР, 1963. – 255 с.

  3. Редков, Н. Преподобный Авраамий Смоленский и его житие, составленное учеником его Ефремом / Н. Редков // Смоленская старина. – 1909. – Вып. 1. – Ч. 1. – С. 1–173.

  4. Дурново, Н.Н. Введение в историю русского языка / Н.Н.Дурново. – М. : Наука, 1969. – 295 с.

  5. Расторгуев, П.А. Говоры на территории Смоленщины / П.А. Расторгуев. – М. : Изд-во Академии наук СССР, 1960. – 207 с.

  6. Булыка, А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы / А.М. Булыка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1970. – 174 с.

  7. Карский, Е.Ф. Белорусы: Язык белорусского народа. – Вып. 1: Исторический очерк звуков белорусского языка / Е.Ф. Карский. – М. : Изд-во Академии наук СССР, 1955. – 475 с.

  8. Селищев, А.М. Старославянский язык. – Ч. II / А.М. Селищев. – М. : Гос. уч.-пед. издат. Министерства просвещения РСФСР, 1952. – 206 с.

  9. Мова беларускай пісьменнасці XIV–XVIII стст. / А.М. Булыка, А.І. Жураўскі, І.І. Крамко, У.М. Свяжынскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1988. – 319 с.

  10. Янкоўскі, Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы / Ф.М. Янкоўскі. – Мінск : Выш. школа, 1989. – 301 с.

——————————-

[1] Мова “Жыція Аўраамія Смаленскага” даследавалася па спісе, надрукаваным С.П. Разанавым у кнізе: Жития преподобного Авраамия Смоленского и службы ему / С.П. Розанов // Памятники древнерусской литературы. – Вып. 1. – СПб., 1912. – С. 64–84. Працытаваны матэрыял прыведзены па гэтым выданні. У дужках указана старонка выдання.

Эльвіра Ярмоленка. Лакальныя моўныя рысы ў «Жыціі Аўрамія Смаленскага» (па спісе XVII ст.) / Каб жыло наша Слова : зборнік навуковых артыкулаў да 90-годдзя з дня нараджэння Фёдара Янкоўскага / пад агул. рэд. М. І. Новік; – Брэст, 2009. – С. 103 – 106

Рубрика: Артыкулы | Метки: Аўрамій, Жыціе, мова, Смаленскі

📚
Архіўнае паведамленне

Апублікавана: 7 снежня 2012 г. • Аўтар: admin

Крыніца: smalensk.org (2010-2014, архіў Archive.org)

Захавана для адукацыйных мэтаў і культурнай спадчыны.