Казімір Піленас, інакш Казімір Палмер, і ён жа, Казімір Палмер-Піленас, быў прыватным дэтэктывам, брытанскім разведчыкам, і «наводчыкам» Скотланд-Ярда.
Паводле даследавання Рыты Т. Кроненбітэр, Піленас паралельна працаваў у якасці агента рускай Ахранкі, збіраючы звесткі сярод латвійскіх тэрарыстаў.
У 1917 годзе, як інфарматар брытанскай выведкі, ён садзейнічаў арышту Льва Троцкага ў Новай Шатландыі ваенна-марскімі ўладамі. Палмер-Піленас абвінавачваў Троцкага ў правозе $ 10.000, якія, як ён сцвярджаў, былі асігнаваны Троцкаму з пра-нямецкіх крыніц. Але падчас арышту і наступнага інтэрнавання, грошай ані ў Троцкага, ані ў пяці яго спадарожнікаў знойдзена не было.
У 1923 годзе Піленас напісаў артыкул для Нью-Ёрк Таймс наконт літоўскай анэксіі Мемеля.
Па звестках даследчыка Альберта Лі, грамадзянін ЗША Казімір Палмер-Піленас у 1937 г. нібыта працаваў у якасці “агента выведкі ўрада” і спрабаваў выкрыць сувязі паміж Генры Фордам і нацыстамі.
У серыі артыкулаў, выйшаўшых восенню 1921 г. ў газеце The Washington times, Казімір Піленас-Палмер публікуе вынікі сваіх даследаванняў па Сілезскай праблеме. Брытанскі агент абвінавачвае французскае кіраўніцтва ў намеры далучыць Верхнюю Сілезію да Польшчы, якой адводзілася роля “пешкі” Францыі. Менавіта ў гэтым кантэксце з’яўляюцца сціслыя звесткі пра кантакты Казіміра Піленаса з Язэпам Варонкам, які нібыта арганізаваў некалькі няўдалых замахаў на яго жыццё.
***
Калі мы хочам дакапацца да сутнасці гэтай сітуацыі, неабходна вярнуцца ў кастрычнік 1920 года. У той час я быў в.а. дырэктара брытанскай ваеннай выведкі ў Вільні, і раніцай 8-га чысла ў мяне была сустрэча з маёрам Паргетэрам, начальнікам брытанскай ваеннай місіі ў Літве, і былым брытанскім консулам палкоўнікам Уордам. Мы атрымалі інфармацыю, што войскі генерала Жалігоўскага былі ўсяго ў шаснаццаці мілях ад Вільні і працягвалі прасоўвацца.
Казімір Піленас-Палмер
У сувязі з тым, што Жалігоўскі пагадзіўся не ўступаць у Літву, было вырашана, што маёр Паргетэр і капітан Піжоль з Французскай ваеннай місіі разам з невялікай дэлегацыяй пойдуць у польскую стаўку патрабаваць тлумачэнняў.
Неўзабаве, калі там далажылі аб іх прыходзе, брытанскі афіцэр быў арыштаваны і затрыманы на восем гадзін. Капітана Піжоля адпусцілі.
Калі група вярнулася, і адрапартавала, што наступ на Вільню будзе працягвацца, было вырашына перанесці нашу штаб-кватэру ў Коўна, куды мы прыехалі ў наступны вечар. У Вільні я выконваў небяспечныя заданні. Пагрозы майму жыццю ўзнікалі штодзень, і першапачатковая цішыня Коўні, здавалася, абяцала лягчэйшую будучыню.
Аднак спакой быў парушаны адзінаццатага чысла разам са з’яўленнем капітана Шопфа. Гэтага хапіла, каб зразумець, што ў нас праблемы. Шопф быў адным з многіх былых афіцэраў літоўскай арміі, якія далучыліся да генерала Бермонт-Авалава, балтыйскага барона і лідэра арміі паўстанцаў, мэтай якога было захапіць і прадаць любую нерухомасць у Латвіі, Эстоніі і Літве ад імя балтыйскіх баронаў.
Я падазраваў, што Шопф быў датычны да нейкай зламыснай схемы. У спробе раскрыць яго намеры, мне пашанцавала, бо беларускі дваранін, якому я плаціў, быў дапушчаны да нарадаў саўдзельнікаў Бермонт-Авалава. Пасля першай сустрэчы, ён вярнуўся з справаздачай. Здабытая інфармацыя пацьвердзіла, што заплочаныя грошы сталі лепшай інвестыцый у маім жыцці.
Першыя словы чалавека былі наступнымі: «Неадкладна ад’язджайце. Яны збіраюцца вас заўтра забіць. Калі вы тут застанецеся, збегчы не атрымаецца. Гэта арганізаваў Варонка, а хто такі Варонка вы ведаеце …. ».
Язэп Варонка
Варонка быў былым міністрам беларускіx спраў у Коўне, а я зрабіўся прычынай яго адстаўкі, пасля таго як высветліў, што той выкарыстоўваў сваю пасаду, каб плесці інтрыгі з бальшавікамі з аднаго боку, і немцамі з другога. Фінансавую дапамогу яму аказвала жанчына з прозвішчам Вільдберг, з якой Варонка пражываў. Менавіта ён быў тым чалавекам, які аддаў загад, каб мяне застрэлілі на месцы.
У выніку, на наступны дзень каля поўдня я выйшаў з свайго кабінета і пайшоў па Лайшвес алея (праспект Свабоды), шырокім бульвары з дарожкай, апраўленай дрэвамі, які вядзе ў цэнтр да гатэля “Метраполь”. Гатэль “Метраполь”, дзе я часова жыў, стаяў на скрыжаванні праспекта і вуліцы Даўканто, а на процілеглым вуглу стаяла будка чысцільшчыка абутку.
Менавіта там я ўбачыў Шопфа, які, як мне падалося, паліраваў свае чаравікі. Але, перш чым я дайшоў да вугла, сем з маіх людзей, загадзя папярэджаныя пра змову супраць маёй асобы, акружылі будку. Шопф не змог збегчы, але заставаўся цалкам спакойным, толькі заўважыўшы: «Ах! Я бачу, вы ўсё ведаеце пра наш маленькі сакрэт. Добра. Я сыходжу». І пайшоў прэч пасля некаторых перасцярог у свой адрас.
Другі візіт агент Варонкі нанес мне на наступны дзень. Яго спроба была больш паспяховай у параўнанні з Шопфам. Ізноў я вяртаўся па алеі да свайго гатэля, але на гэты раз ужо ўвечары. На некаторай адлегласці я адчуў, што за мной сочыць незнаёмец з вельмі характэрнай знешнасцю. Гэта быў чалавек гадоў сарака, з старанна падстрыжанымі вусамі, высокі, худы і злёгку сутулы. Ён быў падобны на каго заўгодна, толькі не на забойцу, бо лёгка мог сысці за вельмі адукаванага і здольнага дзяржаўнага дзеяча.
Некаторы час ён працягваў трымаць даволі значную дыстанцыю, ідучы ззаду мяне. Аднак, як толькі я збочыў ад цэнтра дарогі да цёмнай сцяны , ён паскорыў крок, пакуль не падышоў так блізка, што мог да мяне дакрануцца.
Ён, уласна, і зрабіў рух, нібы хоча паляпаць мяне па плячы, але перш чым ён паспеў, два маіх чалавекі, якія хаваліся ў дзвярах памяшкання, што выкарыстоўвалася бальшавікамі як месца сустрэчы, выскачылі і схапілі яго.
Ён не пратэставаў і не адпіраўся, калі ў яго адабралі зараджаны рэвальвер. Чаму ён хацеў пагаварыць са мной, перш чым стрэліў, я не ведаю, але гэта саслужыла мне добрую службу.
Усе гэтыя падзеі ў падрабязнасцях гатэльная прыслуга перадала маёй жонцы, у выніку чаго яна давяла сябе да такога стану, што стала неабходным тэрмінова выбірацца з краіны, па меншай меры на некаторы час. Адпаведна ў нядзелю, 17 кастрычніка, мы выехалі з Літвы ў Англію.
Pilenas, Casimir. Inside story of the French military plot against Silesia // The Washington times., October 23, 1921, SUNDAY MORNING, Second News Feature Section.
Рубрика: Артыкулы |
Метки: pilenas, voronko, БНР, варонка, воронко, казімір, піленас