Ці «замаўляў» Язэп Варонка брытанскага агента?

admin 5 хв чытання Артыкулы

Казімір Піленас, інакш Казімір Палмер, і ён жа, Казімір Палмер-Піленас, быў прыватным дэтэктывам, брытанскім разведчыкам, і «наводчыкам» Скотланд-Ярда.

Паводле даследавання Рыты Т. Кроненбітэр, Піленас паралельна  працаваў у якасці агента рускай Ахранкі,  збіраючы звесткі сярод латвійскіх тэрарыстаў.

У 1917 годзе, як інфарматар брытанскай выведкі, ён садзейнічаў  арышту Льва Троцкага ў Новай Шатландыі ваенна-марскімі ўладамі. Палмер-Піленас абвінавачваў Троцкага ў правозе  $ 10.000, якія, як ён сцвярджаў, былі асігнаваны Троцкаму з пра-нямецкіх крыніц. Але падчас арышту і наступнага інтэрнавання, грошай ані ў  Троцкага, ані ў пяці яго спадарожнікаў знойдзена не было.

У 1923 годзе Піленас напісаў артыкул для Нью-Ёрк Таймс наконт  літоўскай анэксіі Мемеля.

Па звестках даследчыка Альберта Лі,  грамадзянін ЗША Казімір Палмер-Піленас у 1937 г. нібыта працаваў у якасці “агента выведкі ўрада” і спрабаваў выкрыць сувязі паміж Генры Фордам і нацыстамі.

У серыі артыкулаў, выйшаўшых восенню 1921 г. ў газеце The Washington times, Казімір Піленас-Палмер публікуе вынікі сваіх даследаванняў па Сілезскай праблеме. Брытанскі агент абвінавачвае французскае кіраўніцтва ў намеры далучыць Верхнюю Сілезію да Польшчы, якой адводзілася роля “пешкі” Францыі. Менавіта ў гэтым кантэксце з’яўляюцца сціслыя звесткі пра кантакты Казіміра Піленаса з Язэпам Варонкам, які нібыта арганізаваў некалькі няўдалых замахаў на яго жыццё.

***

Калі мы хочам дакапацца да сутнасці гэтай сітуацыі, неабходна вярнуцца ў кастрычнік 1920 года. У той час я быў ​​в.а. дырэктара брытанскай ваеннай выведкі ў Вільні, і раніцай 8-га чысла ў мяне была сустрэча з маёрам Паргетэрам, начальнікам брытанскай ваеннай місіі ў Літве, і былым брытанскім консулам палкоўнікам Уордам. Мы атрымалі інфармацыю, што войскі генерала Жалігоўскага былі ўсяго ў шаснаццаці мілях ад Вільні і працягвалі прасоўвацца.

Казімір Піленас-Палмер

У сувязі з тым, што Жалігоўскі пагадзіўся не ўступаць  у Літву, было вырашана, што маёр Паргетэр  і капітан Піжоль з Французскай ваеннай місіі разам з невялікай дэлегацыяй пойдуць у польскую стаўку патрабаваць  тлумачэнняў.

Неўзабаве, калі там далажылі аб іх прыходзе, брытанскі афіцэр быў арыштаваны і затрыманы на восем гадзін. Капітана Піжоля  адпусцілі.

Калі група вярнулася, і адрапартавала, што наступ на Вільню будзе працягвацца, было вырашына перанесці нашу штаб-кватэру ў Коўна, куды мы прыехалі  ў наступны вечар. У Вільні я выконваў небяспечныя заданні. Пагрозы майму жыццю ўзнікалі штодзень, і першапачатковая цішыня Коўні, здавалася, абяцала лягчэйшую будучыню.

Аднак спакой быў парушаны адзінаццатага чысла  разам са  з’яўленнем капітана Шопфа. Гэтага хапіла, каб зразумець, што ў нас праблемы. Шопф быў адным з многіх былых афіцэраў  літоўскай арміі, якія далучыліся да генерала Бермонт-Авалава, балтыйскага барона і лідэра арміі паўстанцаў, мэтай якога было захапіць і прадаць любую нерухомасць у Латвіі, Эстоніі і Літве ад імя балтыйскіх баронаў.

Я падазраваў, што Шопф  быў датычны да нейкай зламыснай схемы. У спробе раскрыць яго намеры,  мне пашанцавала, бо беларускі дваранін, якому я плаціў, быў дапушчаны да нарадаў саўдзельнікаў Бермонт-Авалава. Пасля першай сустрэчы, ён вярнуўся з справаздачай. Здабытая інфармацыя пацьвердзіла, што заплочаныя грошы  сталі лепшай інвестыцый у маім жыцці.

Першыя словы чалавека былі наступнымі: «Неадкладна ад’язджайце. Яны збіраюцца вас заўтра забіць. Калі вы тут застанецеся, збегчы не атрымаецца. Гэта арганізаваў Варонка, а хто такі Варонка вы ведаеце  …. ».

Язэп Варонка

Варонка  быў былым  міністрам беларускіx спраў у Коўне, а я зрабіўся прычынай яго адстаўкі, пасля таго як высветліў,  што той выкарыстоўваў сваю пасаду, каб плесці інтрыгі з бальшавікамі з аднаго боку, і немцамі з другога. Фінансавую дапамогу яму аказвала жанчына з прозвішчам Вільдберг, з якой Варонка пражываў. Менавіта ён быў тым чалавекам, які аддаў загад, каб мяне застрэлілі на месцы.

У выніку, ​​ на наступны дзень каля поўдня я выйшаў з свайго кабінета і пайшоў па Лайшвес алея (праспект Свабоды), шырокім бульвары з дарожкай, апраўленай дрэвамі, які вядзе ў цэнтр да гатэля “Метраполь”. Гатэль  “Метраполь”, дзе я часова жыў, стаяў на скрыжаванні праспекта і вуліцы Даўканто, а  на процілеглым вуглу стаяла будка  чысцільшчыка абутку.

Менавіта там я ўбачыў Шопфа,  які, як мне падалося,  паліраваў свае чаравікі. Але, перш чым я дайшоў да вугла, сем з маіх людзей, загадзя папярэджаныя пра змову супраць маёй асобы, акружылі будку.  Шопф не змог збегчы, але заставаўся цалкам спакойным, толькі заўважыўшы: «Ах! Я бачу, вы ўсё ведаеце пра наш  маленькі сакрэт. Добра. Я сыходжу». І пайшоў прэч пасля некаторых перасцярог у свой адрас.

Другі візіт агент Варонкі нанес  мне на наступны дзень. Яго спроба была больш паспяховай у параўнанні з Шопфам. Ізноў я вяртаўся  па алеі да свайго  гатэля, але на гэты раз ужо ўвечары. На некаторай  адлегласці я адчуў, што за мной сочыць  незнаёмец з вельмі характэрнай знешнасцю. Гэта  быў чалавек гадоў сарака, з старанна падстрыжанымі вусамі, высокі, худы і злёгку сутулы. Ён быў падобны на каго заўгодна, толькі не на забойцу, бо лёгка мог сысці за вельмі адукаванага і здольнага дзяржаўнага дзеяча.

Некаторы час ён працягваў трымаць  даволі значную дыстанцыю, ідучы  ззаду мяне. Аднак, як толькі я збочыў  ад цэнтра дарогі  да цёмнай сцяны , ён паскорыў крок, пакуль не падышоў так блізка, што мог да мяне дакрануцца.

Ён, уласна,  і зрабіў рух, нібы хоча паляпаць мяне па плячы, але перш чым ён паспеў, два маіх чалавекі, якія хаваліся ў дзвярах памяшкання, што выкарыстоўвалася бальшавікамі  як месца сустрэчы,  выскачылі і схапілі яго.

Ён не пратэставаў і не адпіраўся, калі ў яго адабралі зараджаны рэвальвер. Чаму ён хацеў пагаварыць са мной, перш чым стрэліў, я не ведаю, але гэта саслужыла мне добрую службу.

Усе гэтыя падзеі ў падрабязнасцях гатэльная  прыслуга перадала маёй жонцы, у выніку чаго яна давяла сябе да такога стану, што стала неабходным тэрмінова  выбірацца з краіны,  па меншай меры на некаторы час. Адпаведна ў нядзелю, 17 кастрычніка, мы выехалі з Літвы ў Англію.

Pilenas, Casimir. Inside story of the French military plot against Silesia // The Washington times., October 23, 1921, SUNDAY MORNING, Second News Feature Section.

Рубрика: Артыкулы | Метки: pilenas, voronko, БНР, варонка, воронко, казімір, піленас