Спаткаў яго трагiчны лёс

admin 5 хв чытання Артыкулы

Уладзімір Ліўшыц

Пiсьменнiк М. Гарэцкi ў кнiзе «Маладняк» за пяць гадоў» (Мн., 1928), аналiзуючы вершы маладога паэта Сяргея Фамiна, пiсаў: «Вершы ў яго – плаўныя, мiлагучныя, у апошнiх вершах – адшлiфаваныя. Вобразнасць – прыгожая i эмацыянальная. У яго вершах выразны ўхiл у навiзну, у мадэрнiзацыю старых класiчных форм».

Адзначаючы тое, што ў Фамiна было i шмат агульнай маладнякоўскай паэтычнай бутафорыi, М. Гарэцкi падкрэслiваў: «Цяпер ён узыходзiць на самабытны шлях».

Сяргей Фамін

Прагноз М. Гарэцкага спраўдзiўся. З цягам часу з Сяргея Фамiна атрымаўся самабытны паэт. Але цяжкi напаткаў яго лёс.

Нарадзiўся будучы паэт у вёсцы Пепелеўка Мсцiслаўскага павета 29 красавiка 1906 года ў сям’i вясковага настаўнiка. Затым ён вучыцца у сярэдняй школе, педтэхнiкуме. Праўда, з апошняга курса пераводзiцца ў Магiлёўскi педтэхнiкум. У гэтым годзе ў газетах «Соха и молот», «Красная газета» пачынаюць з’яўляцца яго нататкi, вершы.

Вось адзiн з першых друкаваных вершаў (1925 г.)

Перазвонамi стазвоннымi

Празванiла восень клёнамi,

Калыхнула сосны сонныя,

Калыхнула засмучоная.

У 1925 годзе ён уступае ў лiтаратурную суполку «Маладняк». Пасля заканчэння педтэхнiкума працуе настаўнiкам на Барысаўшчыне, а затым паступае ў Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт, адразу на другi курс.

Час навучання ва унiверсiтэце быў вельмi плённым для паэта. Ён пiша вершы аб прыродзе i харастве жыцця, аб каханнi, сяброўстве, шмат перакладае з украiнскай мовы.

I вось скончаны унiверсiтэт, i Сяргей Фамiн у 1930 годзе прыязджае у Горкi, працуе выкладчыкам беларускай мовы i лiтаратуры. Да гэтага часу ён ужо аўтар вядомай паэмы «Балота», мноства вершаў.

Аб яго педагагiчнай i творчай працы ў Горках дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii, былы вучань рабфака А. Зарэцкi ўспамiнае: «…Пачатак новага навучальнага года на рабфаку пры Беларускiм сельскагаспадарчым iнстытуце. Рускую мову i лiтаратуру на першым курсе вядзе Сяргей Уладзiмiравiч Фамiн, малады чалавек нiжэй сярэдняга росту, хуткi, з парывiстымi рухамi, натхнёны твар. Чорны ахайны касцюм часта быў асыпаны крошкамi крэйды, калi Фамiн з запалам тлумачыў студэнтам правiлы марфалогii з прывядзеннем прыкладаў на чорнай дошцы, якая вiсела на сцяне.

Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія

У нашай групе Фамiн вучыў чамусьцi нядоўга, але запомнiўся ён як нiводзiн са шматлiкiх выкладчыкаў рабфака. Засталiся ў памяцi два выступленнi Сяргея Фамiна на сцэне аднапавярховага драўлянага клуба. У першы раз ён горача выступаў у абарону чысцiнi рачулкi Капылкi, якая працякала на тэрыторыi акадэмii i куды сцякала мыльная i брудная вада з лазнi i пральнi. «Капылка, – гаварыў ён, – павiнна быць чыстай, рыбнай, дзе можна б было пакупацца i з вудачкай пасядзець…»

У другi раз  Фамiн чытаў сваю паэму аб чырвонаармейцы, якi прасiў у камандзiра дазволу адлучыцца хаця  на адны суткi, каб пабачыцца з роднымi, якiя жылi ў вёсцы зусiм недалёка. Камандзiр абяцаў адпусцiць на другi дзень пасля бою з белагвардзейцамi. Але ў баi былi вельмi вялiкiя страты i ўжо некага было адпусцiць пабачыцца з бацькамi».

Пры акадэмii ў той час iснавала шматтыражная газета «За пролетарские кадры». Пры ёй быў лiтаратурны гурток студэнтаў, якiм кiраваў С. Фамiн.

Праўда, вершаў пiсаў ён усё менш i менш. Лiтаратуразнаўца Г. Юрчанка так тлумачыў гэту з’яву ў творчасцi паэта: «У канцы 20-х пачало ўсё выразней прыкмячацца адступленне ад iдэалаў, абвешчаных Кастрычнiкам. Не ўсё, створанае паэтам, упiсвалася у тагачасны казённы аптымiзм. Яго творы падвяргаюцца разноснай крытыцы. Адчуваецца пэўная разгубленасць С. Фамiна. Ён спрабуе дагадзiць артадаксальнай крытыцы, iмкнецца пiсаць «на патрэбу дня…». Але i гэта не выратоўвае.

Нечакана 4 студзеня 1935 года яго арыштоўваюць. А.Зарэцкi ўспамiнае, што арыштавалi ўсiх гурткоўцаў. Iх абвiнавачвалi ў арганiзацыi контррэвалюцыйнай групы. Праз трыццаць гадоў ён сустрэў аднаго з гурткоўцаў М.Стэльмашука, якi паведамiў: «Арыштавалi нас па iлжываму даносу аднаго са студэнтаў-стукачоў. У лагерах строгага рэжыму прабылi па пяць-восем i больш гадоў, а потым таго, хто застаўся ў жывых, адправiлi ў межы прызначанай мясцовасцi».

Вядома, што Фамiна асудзiлi на 10 год. Працаваў у тапаграфiчнай партыi. Спатрэбiлася другая прафесiя, якую ён набыў у Горацкiм аэрафотатапаграфiчным тэхнiкуме. Займаўся i лiтаратурнай творчасцю. Г. Юрчанка ў артыкуле «Не мог не пiсаць…» («Ленiнскi шлях», 1991 г., 27 красавiка) друкуе некалькi лагерных вершаў паэта. Адзiн з iх быў прысвечаны сябру па няволi А.П. Шышкову, якi павiнен быў вызвалiцца ў 1940 годзе. Вось гэтыя цудоўныя радкi:

Прощай! Приходит час разлуки

Не в шуме траурных одежд…

И мы пожмём друг другу руки

С улыбкой грусти и надежд.

Прощай! Послушный сладким грёзам,

Прошу тебя: в простор полей –

Ты передай поклон березам

Любимой вотчины моей.

Аднак А. Шышкоў вызвалiўся толькi ў 1942 годзе. Ваяваў на фронце i толькi пасля вайны перадаў сястры паэта – Раiсе Уладзiмiраўне — некаторыя вершы, што былi напiсаны С. Фамiным у лагеры.

Ён жа паведамiў, што 29 верасня – 2 кастрычнiка 1941 года над Фамiным адбыўся другi суд, i зноў паэта абвiнавачваюць у стварэннi контррэвалюцыйнай арганiзацыi. На гэты раз прыгаварылi да выключнай меры пакарання. 4 снежня 1941 года паэта не стала.

Прайшлi гады. У 1957 i 1958 гадах абодва прыгаворы былi адменены. I паэт быў рэабiлiтаваны.

Паўвека няма з намi паэта С. Фамiна. Але жывуць яго вершы. Як адзначаў Г. Юрчанка, «…яго паэзiя ў маладнякоўскiм вянку ззяла адметнай i прывабнай кветкай. Не страцiла яна пазнавальнага i эстэтычнага значэння i ў наш час». («Ленiнскi шлях», 1989 г., 10 студзеня).

Ліўшыц У. Спаткаў яго трагічны лёс // Раскопкі вакол Горацкага парнаса. — Мн., 2011. — С. 98-101.

Рубрика: Артыкулы | Метки: манастыршчына, пепелеўка, смаленшчына, смоленщина, фамін, фомин

📚
Архіўнае паведамленне

Апублікавана: 7 сакавіка 2013 г. • Аўтар: admin

Крыніца: smalensk.org (2010-2014, архіў Archive.org)

Захавана для адукацыйных мэтаў і культурнай спадчыны.