Паэт Сяргей Фамін нарадзіўся 29 красавіка 1906 года ў вёсцы Пепелеўка Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Манастыршчынскі раён Смаленскай вобласці) у сям’і вясковага настаўніка. Пасля Мсціслаўскай сямігодкі і Магілёўскага педтэхнікума (1925) два гады працаваў настаўнікам, потым паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ, якое паспяхова скончыў у 1930 годзе. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
Яшчэ ў школьныя гады пачаў пісаць вершы, невялікія нататкі на рускай мове, друкаваў іх у раённых газетах. Першыя публікацыі вершаў з’явіліся ў 1924 годзе. Найбольш актыўна С. Фамін друкаваўся з 1926 па 1930 год у часопісах «Маладняк», «Маладняк Барысаўшчыны», «Малады араты», «Шлях студэнцтва», «Працаўнік асветы», «Паляўнічы Беларусі», «Чырвоны сейбіт», газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Звязда», «Магілёўскі селянін».
Творчасць С. Фаміна была станоўча прынята чытачамі і крытыкай, ён становіцца сябрам «Маладняка». Маладнякоўскія настроі, асаблівасці стылю і мовы новай маладой генерацыі паэтаў выразна праявіліся і ў ягонай творчасці, жыццесцвярджальнай сваім пафасам.
Усё гэта было характэрна і для вершаў, і для паэм «За новыя дні» і «Родная даль». У паэме «Балота» (1927), прысвечанай беларускай вёсцы, аўтар імкнуўся супаставіць старое і новае, паказаць тыя змены ў жыцці сялянства, што прынеслі рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Паэма і ў тэматычных, і ў жанравых адносінах была напісана ў лепшых традыцыях таго часу.
Талент С. Фаміна заўважыў М. Гарэцкі, які адзначаў тэхнічную дасканаласць вершаў, дакладную інструментоўку, мастацка-эстэтычны густ аўтара. Многія вершы паэта перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы. Ужо як сябра літаратурнай суполкі «Пралетарска-сялянская камуна» («Пробліск») падрыхтаваў да выдання зборнік вершаў «Дымнае жыта». Але ў пагрозлівыя 1930-я гады С. Фамін, як і многія іншыя беларускія пісьменнікі, наступае «на горло собственной песни» (У. Маякоўскі), засяроджваецца на перакладах (вядомы яго выдатныя пераклады з украінскай мовы вершаў У. Сасюры).
4 студзеня 1935 года паэт быў арыштаваны. Яго прыгаворваюць да вышэйшай меры пакарання, але потым замяняюць вырак на 10 гадоў зняволення. Пакаранне за неіснуючую віну паэт адбываў у Комі АССР, у канцлагеры УХтПЕЧЛАГ. Па меры магчымасці пісаў вершы, некаторыя з іх дайшлі да радзімы праз лісты да сваякоў. Паўторна С. Фамін быў арыштаваны ў 1941 годзе ў канцлагеры і як удзельнік «дыверсійнай групы» 4 снежня 1941 года расстраляны ва ўзросце 35 гадоў.
* * *
Я бачыў вас даўно. I многа праляцела
З тых пор лятункаў агнявых.
Былі тады дзяўчынкаю нясмелай.
Прайшло…
Мяне забылі вы.
Вам не спазнаць мяне… Ды мне й не дзіва.
Дарэмна зірк я ваш лаўлю.
А помніце,
калі ў сувеі сліваў
Сказалі ціха мне «люблю»?
Мы бачылісь даўно. Мяне вы — не спазналі.
Кранулі з смехам вы касой…
Блішчэлі сёння ў вас занізкамі каралі
Апошняй развітальнаю слязой.
1926
* * *
Калыхнулася месяца сінь.
На дварэ па-асенняму вецер.
Па-асенняму хочацца сніць,
Па-асенняму зоры свецяць.
Вецер шэпча каханне галлю…
— ты заходзь, мая любая, смела!
Пацалункамі вытку «люблю»
Па канве тваіх шчок загарэлых.
У гэту ноч я не буду спаць.
ты зайдзі, распляці свае косы!
Я у сэрца люблю насыпаць
тваіх слоў залацістае проса.
Сёння восень гуляе садам.
Дарагая! Не бойся! Зірні!
ты прыйдзі да мяне, мая радасць,
Запалі ў маім сэрцы агні!
1926
* * *
За вакном задыхаецца вецер,
Месяц мары ў пакой прынёс…
…Многа радасці ёсць на свеце,
Многа ёсць недарэчлівых слёз.
Былі дні —
я за працай вясёлай
Нешта светлае ў далі свістаў.
Былі дні —
я тугу і назолу
Пражай тонкай на сэрца матаў,
I ў пахучы званец касагораў
Я хадзіў за палі працаваць,
I маю залатую махорку
Я цягнуў, нібы спеў — без канца…
А цяпер вось… Ці ўчора, ці сёння
Сам сябе не магу я спазнаць —
Светлай радасці ў сэрцы — прадонне,
У жыцці навальніцай вясна…
Да канца развучыўся я хныкаць —
Сам я ў вочы ўбіваў асцё…
А цяпера уздымным крыкам
Я вітаю другое жыццё.
За сцяною гармонікам вецер
Нечуваную моц прынёс…
Многа радасці ёсць на свеце
I дзіцячых,
і смешных слёз.
1927
* * *
Сіняй ноччу ў месячную замець,
Дзе гараць ваўчыныя агні, —
Дуб самотны замахаў рукамі,
Глянуўшы на зрэзаныя пні.
I стагнаў, і галасіў ад гора…
А пасля, як замець адцвіла, —
Нема ехаў высечаным борам,
I жалобна плакала піла.
Маладзік пагнуўся кветкай бэзу,
Паглядзеў, стуманіўся і знік…
А пад дубам плакала жалеза,
I маўчалі зрэзаныя пні…
I калі ад скрыпнуўшых саней
Конь стары прыгнуўся смутнай мордай,
Заваліўся волат-дуб у снег
Урачыста, ўзбурана і горда…
Рэху ў пнях — нядоўга пагалёкаць:
I замоўк разбуджаны прастор.
Быў пахож на могільнік далёкі
Адшумелы, высечаны бор…
1928
Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай ўлады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с.
Рубрика: Артыкулы | Метки: вершы, гарэцкі, паэзія, смаленшчына, фамін, фомин