С. П. Астанковіч (Крычаў)
Феліцыян Сурын для сучасных даследчыкаў з’яўляецца дастаткова малавядомай асобай. Толькі нядаўна, дзякуючы польскім гісторыкам, удалося ўстанавіць яго дакладную біяграфію [5, с.25-26].
Для айчынных вучоных вельмі важна тое, што Сурына згадвае ў сваіх лістах да М. Драгаманава адзін з заснавальнікаў беларускай ідэі Вайніслаў Савіч-Заблоцкі: “Пан Хвэлька Сурын та другія, а польская пецярбургская газета “Kraj” не раз ужо пісалі так, як пан Ельскі, і здаецца, што яны сябе болей за беларусаў, як за палякаў маюць” [1, с.316]. Дарэчы, менавіта Сурын змясціў у “Słowniku geograficznym królewstwa polskiego i innych krajów słowiańskich” змястоўны артыкул “Беларусь” [4, с.193-194].
Феліцыян Сурын нарадзіўся на Мсціслаўшчыне ў 1842 г. ці 1843 г., дзяцінства і маладосць правёў у маёнтку свайго дзядзькі Башары (Чавускі павет). Скончыў Магілёўскую гімназію і паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1863 г. быў сярод тых студэнтаў, якія далучыліся да атрада Людвіка Звяждоўскага. Паранены Сурын быў пакінуты паўстанцамі ў шпіталі Інстытута, прадстаў перад следчай камісіяй якая, аднак, вырашыла, што ён ў паўстанні ўдзелу не браў. Студэнт аднак трапіў пад паліцэйскі нагляд і быў выкінуты з інстытута. Пасля гэтага ён да пачатку 80-х гг. жыў на Крычаўшчыне.
Літаратурна-публіцыстычную дзейнасць распачаў яшчэ ў перыяд перад паўстаннем 1863 – 1864 гг. і пакінуў багатую спадчыну ў многіх галінах [2, с.119 – 127; 6, с.140-141]. Для сучасных гісторыкаў многа цікавага матэрыялу могуць даць матэрыялы яго падарожжаў па Беларусі ў 70-я гг. ХІХ ст.
Гэтыя вандроўкі адбываліся не ў адзін час і, хутчэй, нагадвалі сабой свабодныя экскурсіі ў самыя розныя мясціны. Таму апісанню сваіх ўражанняў аўтар не надаў закончанай, дасканалай формы.
Усяго было напісана чатыры “Лісты з Беларусі” (1872 – 1873 гг.) і пяць “Лістоў з падарожжа па краі”, першы з якіх датаваны 1873 г., апошні – 1878 г. Усе яны былі змешчаны ў папулярным варшаўскім пазітывісцкім часопісе “Tygodnik illustrowany”.
Трэба адзначыць, што для Сурына Беларусь выступала ў двух значэннях – шырэйшым (Магілёўская і Віцебская губерні, усходняя частка Мінскай, палова Смаленскай і частка Чарнігаўскай) і больш вузкім (Магілёўская губерня і усходняя частка Віцебскай). Астатняя частка краю называецца “Літвой”, адзначаецца, што Заходняя Міншчына і Гродзеншчына калісьці ўяўлялі сабой “Чорную Русь” [4, с.193-194]. Асобным рэгіёнам вылучана Падляшша.
Падчас падарожжаў Сурын наведаў дзесяткі разнастайных мясцін, пакінуўшы іх маляўнічыя апісанні. Вось, напрыклад, Мінск: “горад сам стары, брудны, з вузкімі вуліцамі, дамамі высокімі і панурымі, мае, аднак, некалькі багатых гмахаў ” [8, с.229].
Больш эмоцый выклікала Вільня: “слова магнетычнай моцы для столькіх сэрцаў, якія сваё імя на вякі звязалі з назвай гэтага горада, калыска нашага рамантызму, alma**mater Адама…”[12, с.379]. Падрабязна апісаны таксама Гродна, Віцебск, Полацк, Беласток і iнш.
З жалем адзначае вандроўнік, што “таварысцкае жыццё амаль не існуе ў Вільні. Перастала яна быць вогнішчам інтэлектуальнага жыцця правінцыі, хоць перад апошнімі часамі ганарылася столькімі асобамі першай значнасці ў літаратуры. Балінскі, Маліноўскі, Ходзька, Адынец, Сыракомля, Яўстах Тышкевіч і шмат іншых жылі ці часта гасцілі ў Вільні. Сёння амаль няма тут людзей, якія пішуць. Таксама і кніжны гандаль, такі ажыўлены нядаўна, сёння прыціх” [12, с.379].
Не абмінуты ў гэтых падарожжах і шматнацыянальны характар тагачаснай Беларусі: “Мінск, можа болей яшчэ, чым Магілёў, ёсць жыдоўскім горадам; у руках яўрэяў знаходзяцца самыя прыбытковыя рамёствы і ўвесь гандаль. Хрысціяне засяляюць ускраіны горада, займаючыся сельскай гаспадаркай і найняўдзячнейшымі рамёствамі. Ёсць, таксама, і жменька татараў, якія, як і паўсюдна, займаюцца гарбарствам” [8, с.229].
Сурын робіць разнастайныя заўвагі, якія датычацца моўнай сітуацыі ў розных частках края: “такім чынам сёння ў мясцовасцях, якія я наведаў на Ашмяншчыне, пануе сярод люду мова вельмі адрозная ад той, на якой у нас, у ваколіцах Магілёва, гавораць; мае ў сабе цэлыя пласты польскія (całeokresypolskie) і мноства асобных літоўскіх выразаў. Гэтая падмова (narzecze) ашмянскіх вёсак уяўляе сабой пераход ад беларускай мовы да польскай. Таксама пальшчызну, якая пануе ў маёнтках і гарадах, паўсюдна добра разумеюць ў тутэйшых вёсках”[11, с.61].
Апісваючы Ашмяншчыну, Ф. Сурын зазначае, што ваколіцы Жупран, Барун, Крэва і Гальшан калісьці належалі балтам, а пазней былі каланізаваны славянамі. У сувязі з гэтым літоўская мова паступова выцяснялася мовай русінаў.
У той жа час, трэба адзначыць, што яго характэрыстыка беларушчыны не вельмі адрозніваецца ад досыць распаўсюджаных ацэнак сучаснікаў: “Гэта таксама мова славяна-крывічан, якая дагэтуль жыве ў вуснах люду, так доўга ўжываная ў судах, мова, на якой складзены першы Статут, і на якой напісаў свой палемічны твор Мялецій Сматрыцкі, яна не мае слядоў ніякай апрацоўкі і зусім невядома, каб яна была органам і адлюстраваннем думкі адукаваных людзей. Больш за ўсё ёй не хапае абстрактных паняццяў, назваў элегантных, вытанчаных рэчаў, і як Сматрыцкі, так і ўкладальнікі статутаў усе гэтыя назвы і паняцці перадавалі польскімі выразамі і цэлымі фразамі” [9, с.243].
Пэўная ўвага ўдзяляецца аўтарам разнастайным гаспадарчым пытанням жыцця краю: “якасць глебы ў Ігуменскім павеце такая ж невысокая, як і ў Барысаўскім. Але апрацоўка больш старанная, чым наша беларуская, бо і літоўская саха прыстасванне больш практычнае, глыбей выконвае ворыва” [8, с.229]. У Чэрыкаўскім павеце стан гаспадаркі: “…варты плачу, як у вялікіх, так і ў малых маёнтках. Адсутнасць капіталаў і загразванне ў руціне перашкаджае паляпшэнням, трохпольная сістэма самаўладна пануе і ёй дзякуем за тое, што даходы з маёнткаў упалі амаль да нуля. Сёння ратуемся продажам лясоў, але і ён, арганізаваны па-старому, не доўга будзе нас ратаваць. Пра фабрычную прамысловасць не варта і гаварыць; усё мусім завозіць…А што можам аддаць узамен ?.. лес і пяньку” [7, с.154].
Падчас падарожжаў Сурын сутыкаўся з мноствам людзей, пра некаторыя сустрэчы пазначыў асобна. Напрыклад: “Сёння, выходзячы з фары з адным жыхаром Гродна, мы напаткалі пані Ажэшку. Як раз быў пад уражаннем ад яе новай аповесці “Элі Маковер”, таму сустрэча з аўтаркай была для мяне поўным значэння здарэннем” [10, с.34].
З “Лістоў” бачна, што іх аўтар вельмі няблага арыентаваўся ў літаратуры па беларускай тэматыцы, чытаў і нарыс Восіпа Турчыновіча, і творы А. Рыпінскага, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча і г. д. [4, с.193-194]
Такім чынам, Сурын дастаткова падрабязна і цікава апісвае розныя бакі жыцця тагачаснага беларускага краю.
Разам з тым, варта адзначыць тое, што часам трэба крытычна падыходзіць да паведамленняў аўтара, бо ацэнкі носяць вельмі асабісты характар. Да таго ж, бачна, што ў некаторых пытаннях спрацоўвае самацэнзура – аўтар не мог адкрыта напісаць, напрыклад, пра прычыны таго ж заняпаду інтэлектуальнага жыцця Вільні пасля 1863 г.
Такім чынам, “Лісты з падарожжа па краі” Феліцыяна Сурына з’яўляюцца дастаткова цікавай гістарычнай крыніцай, якая дапамагае сучаснаму даследчыку ўбачыць Беларусь 70-х гг. ХІХ ст. вачыма каталіцкага шляхціца і з’яўляецца важнай у вывучэнні светапогляду гэтай часткі тагачаснага беларускага грамадства.
Спіс крыніц і літаратуры
- Беларуская літаратура ХІХ ст.: хрэстаматыя. Вучэб. дпамож. дя студэнтаў філ. спец. ВНУ. Мн., 1988.
- Літвіновіч А. Феліцыян Сурын як даследчык традыцыйнай культуры і быту беларусаў // Кніга, бібліятэчная справа і бібліяграфія Беларусі. Мн., 1993.
- Літвіновіч А. Сурын Феліцыян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мн., 2003.
- F. S. [Suryn Felicjan]. Bialoruś // Słownik geograficzny królewstwa polskiego i innych krajów słowiańskich. W 15 t. T. I. Warszawa, 1880.
- Kukuć D. Suryn Felicjan // Polski słownik biograficzny. Tom XLVI / 1. Zeszyt 188. W-wa – Kraków, 2009.
- Olechnowicz M. Polscy badacze folkloru i języka białoruskiego w XIX w. Łódz, 1986.
- Suryn F. Listy z Białorusi. List II. Powiat czerykowski // Tygodnik illustrowany, 1872. T. X, Seria 2, № 248.
- Suryn F. Listy z podróży po kraju. List I // Tygodnik illustrowany. 1873. T. 12. Seria 2. . № 306.
- Suryn F. Listy z podróży po kraju. List II.Białoruś naddźwińska. – Inflanty // Tygodnik illustrowany, 1874. T. 13, Seria 2, № 329.
- Suryn F. Listy z podróży po kraju. List IV. Grodno – Białystok. Tygodnik illustrowany, 1877. T. IV, Seria 3, № 82.
- Suryn F. Listy z podróży po kraju. List V. Żuprany – Boruny – Krewo i Holszany // Tygodnik illustrowany, 1878. T. V, Seria 3, № 135.
- Suryn Felicjan. Listy z podróży po kraju. List III // Tygodnik illustrowany. 1876. T. 2. Seria 3. № 50.
Рубрика: Актуаліі | Метки: 1863, Felicjan, polskiego, suryn, паўстанне, сурын