Адзін з пачынальнікаў

admin 4 хв чытання Артыкулы

Алесь Бяляцкі

Алесь Ружанцоў… Яшчэ адно напаўзабытае імя ў аблозе нашай культуры.

Не дарма адзін з дасьледчыкаў беларускай літаратуры, пішучы пра пачатак XX стагодзьдзя, казаў, што жыцьцяпіс шмат каго з пачынальнікаў беларускага прыгожага пісьменства мог бы стаць асноваю для прыгодніцкага рамана. Вось такім драматычным, багатым на падзеі і зьмены было жыцьцё Аляксандра Ружанцова. Адное можна сказаць з пэўнасьцю — праз увесь свой жыцьцёвы шлях пранёс ён замілаваньне да Бацькаўшчыны.

Алесь Ружанцоў

Нарадзіўся Аляксандр Ружанцоў 12 жніўня 1893 года ў Вязьме Смаленскай вобласьці на этнаграфічных беларускіх землях у знаным шляхецкім родзе, адкуль выйшаў і вядомы палітычны карыкатурыст А. Ружанцоў, які ў час першай рэвалюцыі 1905 года вымушаны быў хавацца ад паліцыі за сатырычныя карыкатуры на цара.

Алесь атрымаў вышэйшую адукацыю на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у Першай сусьветнай вайне, а ў 1919 годзе служыў у літоўскім войску камандзірам беларускага батальёна.

3 1921 года Ружанцоў кіраваў цэнтральнай  вайсковай бібліятэкай у Коўне*.* У гэты час ён піша па-беларуску вершы пад псеўданімам Алесь Смаленец, займаецца вывучэньнем гісторыі беларускага войска ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ён шмат друкуе матэрыялаў з гісторыі беларускага войска ў «Крывічы» — беларускім ковенскім часопісе, рэдактарам якога зьяўляецца Вацлаў Ластоўскі. Акрамя таго, займаецца літоўскай бібліяграфіяй, рыхтуе на літоўскай мове даведнікі, сярод якіх бібліяграфія ўсіх вайсковых беларускіх выданьняў у Літве.

Максім Гарэцкі ў аглядзе «Беларуская літаратура пасьля “Нашай Нівы” адзначае: «Зь іншых ковенскіх беларускіх працаўнікоў трэба згадаць А. Смаленца. Яшчэ ў віленскіх газетах у 1921-1922 гг. было зьмешчана колькі яго вершаў, моцных думкаю і даволі арыгінальных формаю. Апрача таго, Алесь Смаленец перакладае беларускіх паэтаў на літоўскую мову і літоўскіх на беларускую, а таксама займаецца навуковай дзейнасьцю».

Алесем Смаленцам быў падрыхтаваны вершаваны зборнік «У роднай старонцы», рукапіс якога, на жаль, нам невядомы.

Алесь Ружанцоў стала займаецца літоўскай і беларускай бібліяграфіяй, займае пасаду кіраўніка справамі літоўскага Бібліяграфічнага інстытута.

У 1931 годзе Алесь Смаленец разам зь іншымі заснаваў Літоўскае таварыства бібліятэкараў. Таксама ён распрацоўвае гісторыю паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў у Коўне.

Месца пражываньня А. Ружанцова ў Вільні

У 1944 годзе Алесь Смаленец выязджае ў Нямеччыну, а ў 1949 годзе — у ЗША. Але і там, за мяжою, ён памятае пра сваю Радзіму. У Літоўскай энцыклапедыі, якая выйшла ў Бостане ў 1959 годзе, зьмешчаны яго артыкулы «Янка Купала» і «Якуб Колас».

Памёр Алесь Ружанцоў 23 ліпеня 1966 года ў Данвіле, штат Ілінойс.

Цікавай старонкай у нашай культуры засталіся яго публіцыстычныя, навуковыя артыкулы, асабліва вершы, адметныя і мілагучныя, бы невялічкія акварэлі-замалёўкі, выкананыя таленавітым майстрам. Вольмі шкада, што талент паэта не быў падтрыманы ў свой час, ды і ўмовы жыцьця, якое ў большасьці сваёй прайшло за мяжой, не спрыялі яго разьвіцьцю.

АЛЕСЬ РУЖАНЦОЎ

РАССТРЭЛ

(ахвярую Максіму Гарэцкаму)

Мільганула маланка ў мазгу: «Я памру!»

Й часам думка ў крывавым віру…

I ў самлелае цела так смагла ўтыкнулі

Свае тварыкі гострыя кулі.

I упала яно. I пачуліся енкі

Каля цёмнай цаглянае сьценкі.

Раптам згасьлі ліхтарні… Задыміў папіросай,

Моцна лаяўся хтосьці з матросаў…

На сьнягу чырванела крывавая пляма:

Зачынілась жыцьцёвая брама.

05.03.1922

НА СТАРОЙ ДЗЯЛЯНЦЫ

Куды ні глянь — гарматаў, мінаў шмат,

Акопы, рэйкі ды пячураў лісьіх брамы,

На батарэі два лафеты без гармат —

Нямыя сьведкі незабытнай драмы.

Адвіснуў дрот. Асыпаўся акоп.

Ў ягоным рве клубком вужакі ўюцца.

Няма людзей… Ў чужыне земляробы…

Бог ведае, ці прыйдзецца вярнуцца.

1921

Творчая спадчына Алеся Смаленца належыць двум народам — беларускаму і літоўскаму — і зьяўляецца яшчэ адной ніцьцю, што зьвязвае нашыя братнія народы.

Трагічны быў лёс беларускай інтэлігенцыі, раскіданай па ўсім сьвеце, пазбаўленай магчымасьці працаваць дзеля свайго народа. I тым болыш каштоўным для нас ёсьць культурны набытак пачынальнікаў беларускага Адраджэньня, яго шчырых рыцараў.

3 архіва Алеся Бяляцкага.

Крыніца: Бяляцкі А. Асьвечаныя беларушчынай. Вільня, 2013. С. 317 – 320.

Рубрика: Артыкулы | Метки: ružancovas, ружанец, ружанцев, ружанцоў, смаленец

📚
Архіўнае паведамленне

Апублікавана: 24 лютага 2013 г. • Аўтар: admin

Крыніца: smalensk.org (2010-2014, архіў Archive.org)

Захавана для адукацыйных мэтаў і культурнай спадчыны.